Людзі выратавалі Баранавіцкае возера ад смецця
Хлапцам і паненкам надакучыла глядзець на гармідар. Некалькі маладых людзей ачысцілі ў суботу, 22 ліпеня, берагавую лінію Свяцілаўскага возера ад смецця.
Як расказалі ўдзельнікі талакі, ідэя аб ачыстцы возера ўзнікла ў іх пасля таго, як яны заўважылі, што прыгожае месца адпачынку «намаганнямі» некаторых жыхароў Баранавіч паступова ператвараецца ў сапраўдную сметніцу. Пакінутыя пасля сябе розныя бытавыя адходы і бруд прыгажосці не дадае.
Раніцай у мінулыя выходныя некалькі маладых людзей прыйшлі да Свяцілаўскага возера і пачалі ўборку. Апынулася, што смецця на берагах возера знаходзіцца нашмат болей, чым можна было б уявіць. Часцей за усё трапляліся бутэлькі з-пад піва, пачакі ад цыгарэт, пакеты ад семачак. Найбольшыя праблемы ў маладых людзей ўзнікалі з тым, як дастаць плавучыя ў вадзе бутэлькі. Але і гэтае пытанне было вырашана з дапамогай гумовых ботаў. На працягу больш як пяці гадзін пакуль праходзіла акцыя да яе ўдзельнікаў пастаянна падыходзілі здзіўленыя людзі са словамі «гэта вас, напэўна, прымусілі?». Ніхто з іх жадання далучыцца да маладых людей так і не выказаў.
– Мы робім гэта з сябрамі абсалютна па сваёй волі, ні да якай грамадскай арганізацыі не належым і ніякіх выгадаў са зробленай працы мець не будзем, – распавёў адзін з удзельнікаў «суботніка» Павел. – Проста ўжо стала немагчыма глядзець кожны дзень на ўвесь гэты бруд. Члены БРСМ за гэтую справу чамусці не хочуць брацца…
Руслан Гарбачоў