Праблема захавання ядахімікатаў на Віцебшчыне не вырашаецца
Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі экалагічнага летніка «Чыстая Дзвіна – чыстая Балтыка». Яны штогод знаходзяць у прыдзвінскіх наваколлях склады пратэрмінаваных пестыцыдаў.
Экалогія Беларусі хвалюе жыхароў Расіі, Украіны, Нямеччыны і Грэцыі
Моладзевы летнік «Чыстая Дзвіна – чыстая Балтыка» працуе ўжо тры гады. У ім бяруць удзел прадстаўнікі як беларускіх, так і замежных аматарскіх экалагічных суполак. Галоўная праблема, якую распрацоўваюць маладыя эколагі – захаванне і ўтылізацыя няўлічаных пестыцыдаў у наваколлях рэчышча Заходняй Дзвіны.
Пестыцыдамі (ад лацінскіх словаў pestis – зараза и caedo – забіваю) называюць хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для барацьбы з пустазеллем, з узбуджальнікамі хваробаў расьлін, са шкоднікамі зерня, драўніны, з экапаразітамі свойскае жывёлы. Адным словам, гэта вельмі неабходныя ў сельскай гаспадарцы хімікаты, але карысць ад іх бывае толькі пры ўмове правільнага выкарыстаньня і захаваньня.
Пратэрмінаваныя пестыцыды нясуць ужо не карысць, а пагрозу – і прыродзе, і чалавечаму жыццю. Часцяком іх забываюць на падворках, або нават узбоч калгасных палеткаў, і з кожным дажджом атрута працякае ў зямлю або ў водную сістэму. Калі ж хімікаты трапяць у арганізм чалавека, да прыкладу, з пітной вадой з калодзежа, то ня выключаныя самыя сур’ёзныя хваробы: паражэнне нырак, пячонкі і нават нервовай сістэмы.
«Як высветлілася, людзі нават не ведаць, з якой небяспекай яны жывуць побач»
Гэтак кажа адзін з каардынатараў праекту «Чыстая Дзвіна – чыстая Балтыка», арганізатар экалагічнага летніка Яўген Лабанаў. І, паводле ягонага меркавання, прадстаўнікі дзяржаўных структур зусім не імкнуцца прасвятляць людзей наконт таго, на якой міне замруджанага дзеяння тыя жывуць. І «размініраваннем» таксама ніхто ня хоча займацца.
– На дадзены момант няма арганізацыі, якая адказвае за захаванне пестыцыдаў. Не існуе планаў утылізацыі пратэрмінаваных ядахмікатаў, як няма і перспектываў рэкультывацыі тэрыторый, на якіх доўгі час захоўвалі пестыцыды, – кажа Я.Лабанаў.
Паводле розных крыніц, на Беларусі сёння захоўваецца каля 6560 тон незапатрабаваных пратэрмінаваных пестыцыдаў. У афіцыйных паперах пазначаныя 7 месцаў, адмыслова прызначаных для захаваньня хімікатаў. Але апрача іх існуюць дзесяткі неабсталяваных складоў і звалак, якія нясуць рэальную небясьпеку, прычым ня толькі ў маштабах Беларусі, але й за яе межамі.
Хімічная пагроза сыходзіць Наваполацку, Верхнядзьвінску і Расонаў
Першы летнік «Чыстая Дзвіна—чыстая Балтыка» працаваў у 2004-м годзе пад Наваполацкам: маладыя эколагі паспрабавалі прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы забруджвання Заходняй Дзвіны прамысловымі стокамі з прадпрыемстваў «Нафтан» і «Палімір».
У 2005-м годзе летнік быў абсталяваны ў Верхнядзвінскім раёне: тут знаходзіцца адзін з афіцыйных магільнікаў пратэрмінаваных пестыцыдаў. Экспедыцыя знайшла гэтае месца, дзе на тэрыторыі 0,5 га складзены 450 тон пестыцыдаў 47-мі розных відаў, у тым ліку й самых небяспечных для чалавека хлорарганічных спалучэнняў. Эколагі склалі афіцыйны зварот ў міністэрства прыродных рэсурсаў пра тое, што гэтае сховішча не мае належнага водаадводу, і таму дажджавыя ручаі нясуць атруту спачатку ў рэчкі Сар’янка і Тур’я, а потым і ў Заходнюю Дзвіну.
Сёлета эколагі скіраваліся на Расоншчыну, і ў 15-ці населеных пунктах рэгіёну заўважылі адразу некалькі неафіцыйных месцаў захаваньня няўлічаных пестыцыдаў. Толькі ў адной вёсцы Галубова ўдзельнікі летніку знайшлі каля тоны розных хімікатаў, якія работнікі тутэйшае гаспадаркі гадамі ссыпалі ў адно месца!
Як і ў мінулыя гады, усе знойдзеныя аб’екты хімічнае небяспекі былі апісаныя, а інфармацыя пра іх ужо перададзеная ў мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады. Удзельнікі летніка заклікаюць на самым высокім дзяржаўным узроўні стварыць рабочую групу для вырашэння праблемы захавання небяспечных рэчываў. Аднак дагэтуль іхных заклікаў уверсе не пачулі.