Скандал вакол магіл польскіх жаўнераў
Польскае Генконсульства папрасіла ўлады Горадні сьпілаваць два старыя дрэвы на старых каталіцкіх могілках. Зрабілі гэта вельмі нязграбна: крыжы пераблыталі, а некаторыя ўвогуле зламалі. Вернікі ў шоку.
На прадпрыемстве грамадзянскага абслугоўваньня апраўдваюцца: усё рабілася прадумана – для пілаваньня выклікалі брыгаду альпіністаў ажно зь Віцебска, крыжы загадзя выцягнулі і пранумаравалі. Толькі вось бяда: дождж змыў надпісы. І траекторыю падзеньня не разьлічылі. Зараз нельга прайсьці да каплічкі.
Дарэчы, усяго пахаваныя 151 жаўнер, якія пераважна загінулі ў 1920 годзе. Большасьць гарадзенцаў пагаджаюцца: ня так страшна, калі крыж з адной безназоўнай магілы трапіць на іншую, хаця гэта й непажадана. А вось калі пераблытаныя крыжы з падпісаных пахаваньняў – такога дараваць ужо нельга.
Людзей супакойваюць: цягам наступнага месяца будуць прыбраныя літаральна ўсе магілы. Што да пашкоджаных крыжоў, дык іх таксама адрамантуюць, дзеля гэтага на прадпрыемстве грамадзянскага абслугоўваньня існуе бэтонны цэх.
Але шмат хто ня вера ў такую апэратыўнасьць. Прыгадваюць, як вясной бура паваліла два помнікі, дык адміністрацыя ажно тры месяцы шукала спэцыяліста, які здолеў паставіць іх на месца. Бо яны важылі тону, а кран туды пад’ехаць ня мог. Яшчэ адзін папрок: летась добраахвотнікі замуравалі дзіркі ў цагляным плоце вакол могілак, але сёлета зьявіліся новыя…
Сытуацыя абвастраецца і тым, што гарадзкія ўлады чатыры гады таму цалкам упарадкавалі суседнія праваслаўныя могілкі – паставілі новы мураваны плот, а за каталіцкія па-сапраўднаму так і не ўзяліся, хоць і абяцалі. Між тым яны зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.