Асаблівасьці нарыхтоўкі бульбы на Палесьсі
Пакуль цэны на яе стаяць на ўзроўні 800 рублёў за кіляграм. Аднак спэцыялісты лічаць, што зусім хутка гандляры пачнуць прасіць значна больш.
Хаця канчатковыя вынікі яшчэ не падведзеныя, відавочна, што пасьля праліўных дажджоў нарыхтоўка і захаваньне «другога хлеба» застаецца пад пагрозай. Гэта выклікала немалы ажыятаж сярод пакупнікоў, а таксама нарыхтоўчых фірм вобласьці.
Між тым афіцыйная статыстыка абнадзейвае. Адчуваньне такое, быццам нічога кепскага не здарылася. Так, па дадзеных аблсельгаспроду, на сёньняшні дзень сабрана каля 9000 тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасьці 176, 2 цэнтнэра з гектара.
А ў некаторых раёнах, напрыклад Іванаўскім і Ганцавіцкім, накапваюць нават па 300 цэнтнэраў. Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць: калі параўнаць зь мінулагодняй ураджайнасьцю, то палескія палі сёньня нават больш шчодрыя.
Аднак звычайныя вяскоўцы, а таксама спэцыялісты калгасаў, у большасьці сваёй упэўнены: бульба, якая прастаяла некалькі тыдняў у вадзе, ня можа захоўвацца доўгі час.
Палесьсе знаходзіцца ў нізіне і штогод пакутуе ад вады. Аднак у гэтым годзе сярэднемесячная норма па вобласьці ў некаторых раёнах была перавышана ў 2-3 разы. Як ніколі, панёс страту Драгічынскі раён, дзе выпала найбольшая колькасьць ападкаў.
Мне давялося назіраць, як жыхарка вёскі Лежыткавічы стоячы па шчыкалатку ў вадзе амаль безвынікова спрабавала выкапаць у полі хоць некалькі вёдраў «картоплі». Жанчына скардзілася: яе ня толькі ўручную нельга капаць, аднак бессэнсоўна «падчапіць трактарам, тым больш з канём, застаецца чакаць, калі падсохне».
Не выпадкова на рынках у Драгічыне некалькі дзён назіраўся сапраўдны ажыятаж. Звычайна на пачатку верасьня гарадзкія жыхары закуплялі бульбу на сельскагаспадарчых ярмарках, аднак пакуль гандляры не асабліва імкнуцца выкладваць тавар – чакаюць росту цэн. Вывезуць свае запасы напрыканцы месяца.
Па рэкамэндацыі ў вобласьці ўстаноўлена такая закупачная цана – 420 рублёў за кіляграм. Аднак у крамах можна яе знайсьці ўжо і за 1000 рублёў.
Каб зьнізіць магчымы ажыятаж, Берасьцейскі гарвыканкам прыняў рашэньне арганізаваць гандлёвыя месцы з аўтамашын і латкоў.
Юрыдычныя асобы могуць рэалізоўваць цяпер сельскагаспадарчую прадукцыю без унясеньня дапаўненьня да ліцэнзіі, без касавых апаратаў, без адрыўных талёнаў. Такія меры, на думку чыноўнікаў, мусяць найперш заахвоціць фэрмэраў, каб яны з большай ахвотай прадавалі бульбу.
Аднак па словах гандляроў, нягледзячы ні на што цана бульбы хутка павялічыцца. Так што берасцейскім пакупнікам, якія чакаюць паніжэньня коштаў, трэба спяшацца.
Валянцін Сахарчык