Старажытныя фрэскі не патрэбны ні царкве, ні ўладзе
У Глыбокім падчас рамонту ў саборы Раства Прасвятой Маці Божай знойдзены фрэскі ХVII стагоддзя. Аднак тое не ўзрадавала ні святара, ні чыноўнікаў.
Праваслаўны сабор, у якім зараз праводзіцца рэстаўрацыя інтэр’еру, да XIX стагоддзя быў каталіцкім касцёлам ордэну Кармелітаў босых. У часы Расійскае імперыі храм перадалі праваслаўным і перабудавалі адпаведна іншым рэлігійным канонам.
Але ягоная гісторыя нечакана праступіла, як кажуць, «праз пыл стагоддзяў»: калі будаўнікі пачалі здымаць са сцен старую тынкоўку, то ўбачылі роспісы, зробленныя рукой невядомага мастака ў першай палове XVII стагоддзя – выявы мальційскіх крыжоў зьнізу і двух старажытных гербаў, адзін з якіх належаў ордэну Кармелітаў, а другі – роду Корсакаў, фундатараў гэтага храма.
Апошні раз гэтыя фрэскі бачылі ў Глыбокім каля 130 год таму: пасля таго, як касьцёл быў пераасвечаны, выявы зафарбавалі.
Цяперашні настаяцель сабора айцец Сергій (Грамыка) пакуль не выказвае жадання захаваць старажытная малюнкі для нашчадкаў.
Фрэскамі зацікавіўся мясцовы краязнаўца Уладзімір Скрабатун: дзеля кансультацыі ён запрасіў у Глыбокае вядомага мінскага мастака-рэстаўратара Ўладзіміра Ракіцкага.
Сталічнага спецыяліста малюнкі на сценах сабору зацікавілі настолькі, што ён выказаў гатоўнасць у любы момант прыехаць для іх аднаўлення. Уладзімір Ракіцкі выказаў меркаванне , што на столі пад слоем вапны таксама могуць быць фрэскавыя роспісы , якія варта было б расшукаць ды падрыхтаваць для рэстаўрацыі. Аднак на ўсё гэта патрэбна згода мясцовых уладаў, бо рэстаўрацыйныя працы патрабуць шмат грошай.
Глыбоцкі райвыканкам не спяшаецца з вырашэннем пытання, ці даваць грошы на дэтальнае вывучэнне і рэстаўрацыю хаця б асобных элементаў першапачатковага выгляду помніка архітэктуры.
Цалкам верагодна, што, пакуль праблема з грашыма вырашыцца, рэстаўраваць ужо не будзе чаго: у храме поўным ходам ідзе звычайны рамонт, і будаўнікі, апрацоўваючы сцены пад новую тынкоўку, ужо часткова знішчылі старажытныя выявы.