Гарадзенскіх будаўнікоў хочуць вярнуць з Расеі дадому
У аблвыканкаме лічаць, што яны павінны ўзводзіць жыльлё на радзіме, а не дапамагаць суседзям. Маўляў, вось гэта сапраўды дзяржаўны падыход да справы.
Такая зьмена курсу вельмі кантрастуе зь нядаўнімі заявамі той жа самай вэртыкалі, якая імкнулася ўмацоўваць пазыцыі сваіх будаўнічых арганізацыяў у Падмаскоўі і ў Калінінградзкай вобласьці.
Дэлегацыі адтуль сёлета некалькі разоў наведвалі Горадню, прагучала шмат слоў і тостаў пра умацаваньне дружбы, супрацоўніцтва ў межах так званай «саюзнай дзяржавы».
Асабліва шмат працавалі ў Расеі рабочыя «Гроднапрамбуду». Гэта – толькі афіцыйна. А нямала іншых жыхароў вобласьці ехалі да суседзяў самастойна ці па закліку розных пасярэднікаў, каб паспрабаваць зарабіць на расейскіх будоўлях.
Прагучала ў аблвыканкаме яшчэ адна ідэя, на якую ўсе зьвярнулі ўвагу. Маўляў, некаторыя багатыя гарадзенцы ўкладаюць грошы ў нерухомасьць, купляюць па некалькі кватэраў у новых дамах. А трэба такое жытло прапаноўваць перш за ўсё тым, каму няма дзе жыць, але хто мае грошы на кватэру…
Між тым сёньня любому вядома: калі ў цябе напраўду ёсьць патрэбная сума, праблемы з самой пакупкай быць ня можа – у газэтах рэгулярна прапануецца купляць кватэры ў новабудоўлях.