Главная » BY, Минск, Экономика

Беларускіх сьвінарак не пусьцілі ў Маскву

28 октября 2008 Один комментарий

На фуршэтах у белакаменнай цяпер тыя, хто могуць прывезьці з сабой патрашонага зубра, асятроў зь бярозаўскіх сажалак, сувэнірныя напоі.

На пратаптаны яшчэ савецкай беларускай элітай маршрут зь Менску ў Маску і наадварот вярнуліся сёньняшнія вэртыкальнікі. За дзяржаўны кошт зноў можна наведваць белакаменную, перапраўляючы бясплатна лепшыя гатункі прадуктаў і моцных напояў на банкеты ды фуршэты з “патрэбнымі” расейцамі. Зноў працуе адноўлены павільён-перавалка “Беларусь” на тэрыторыі былога выставачнага комплексу ВДНГ, які перайменаваны ва Ўсерасійскі выставачны цэнтар.

– Мы адгрузілі 15 дываноў-прыгажуноў, – паведамілі ў аддзеле маркетынгу Берасьцейскага дывановага камбінату, – акрамя таго, выткалі нацыянальныя сьцягі, партрэты Аляксандра Лукашэнкі і сылюэты беларускай архітэктуры для раздачы на прэзэнты.

У сваю чаргу “берасьцейская лікёрка”, як паважліва называюць тутэйшы лікёра-гарэлачны завод, прыгатаваў знакамітую “Белавескую”, “Зуброўку”, “Палярную”, “Маскоўскую” ды іншыя 40-градусныя брэнды.

Адмысловую вяндліну справадзілі кухары з радзімы старажытных прысмакаў мястэчка Моталь. У Камянцы распатрашылі белавескага зубра. У чыстых сажалках ля Бярозы вылавілі асятроў. Ля Пінску ўручную сабралі сакавітыя журавіны. Ласуйся, Масква беларускімі гасьцінцамі!

Ужо віцэ-мэр белакаменнай Валеры Вінаградаў публічна падзякаваў урад Беларусі, адзначыў, што “нашы менскія сябры прыклалі агромністыя намаганьні для таго, каб аднавіць свой павільён на ЎВЦ”.

На банкеце пры адкрыцьці Валеры Вінаградаў паспадзяваўся: “Упэўнены, тут пасяліцца традыцыйны дух шчодрасьці і гасьціннасьці, які жыве ў душах браткоў-беларусаў”.

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Бура ў даўгу не застаўся: ён заявіў, што “былы павільён БССР будзе пераўтвораны ў беларускі цэнтар гандлю і маркетынгу”. Гэта значыць – для сьвінарак і пастухоў сюды дарога адрэзаная: фэстываліць стануць багатыя менчукі.

Беларусь пачне дэманстраваць ня толькі харчовыя тавары, але й лепшыя ўзоры лёгкай і тэкстыльнай прамысловасьці, тэхніку для загарадных дамоў і лецішчаў, аддзелачныя матэрыялы, сувэніры. Ад прапановаў дэманстрацыі кар’ерных БелАзаў, гноераськідвальнікаў зь Бабруйска альбо магілёўскіх скрэпэраў масквічы далікатна адмовіліся. Спаслаліся на дэфіцыт квадратных мэтраў у цэнтры свайго залатога гораду.

Дарэчы, першы павільён Беларусі на Ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выставе быў збудаваны з драўніны ў 1939 годзе. У 1954-м ужо на ВДНГ Менск узьвёў арыгінальны будынак з каменю і шкла. Падлогу ў ім пакрылі пліткай мышынага колеру, вітражы выразалі з дубу, калёны ўпрыгожылі каляровым арнамэнтам, для сьвятла стварылі шыкоўныя люстры ў тры ярусы. У 1990-я маскоўскае багацьце беларусаў было разрабавана.

Рашэньне аднавіць першасны выгляд павільёну ўрад Беларусі прыняў у 2005 годзе. Колькі з таго часу сьцякло ў Маскву грошаў, матэрыялаў і тэхнікі, дакладна не вядома. Масква ж аддзячыла за шчодрасьць дазволам арэндаваць будынак павільёну ў найбліжэйшыя гады.

Другие статьи

Один комментарий »

  • Таисия пишет:

    Сейчас я разберусь как следует и накажу кого попало.