Главная » BY, Гродненская, Общество

Траіх «зялёных» зрабілі «дробнымі хуліганамі»

14 ноября 2008 Комментариев нет

І пакаралі на агульную суму два мільёны сто тысяч рублёў. Так у Горадні спрабуюць задушыць любы пратэст супраць дзеяньняў улады. Нават сумнеўных.

Вынік вядомы: траіх «дробных хуліганаў», якія пратэставалі супраць сьпілоўваньня нармальных здаровых дрэваў, пакаралі на агульную суму два мільёны сто тысяч рублёў – карацей, ажно на тысячу даляраў. Вось і задумаесься: а што, уласна кажучы, здарылася, чым небясьпечныя аматары прыроды цяперашняй уладзе?

Адбывалася ўсё наступным парадкам: на Тэлеграфным завулку ў гістарычнай частцы гораду кіраўніцтву каледжу камунальнай гаспадаркі заманулася прыбраць каля дзясятка дрэў: маўляў, растуць яны бліз будынку (дарэчы, які захаваўся з пачатку мінулага стагодзьдзя), лісьце ападае на дах, забівае вадасьцёкавыя трубы. Усё было зроблена паводле адпаведнага парадку: камісія дала дазвол на зьнішчэньне дрэў, каледж заключыў дамову зь «Зелянбудам», прыехалі рабочыя з піламі.

А далей на месцы падзеі апынуўся Эдвард Дмухоўскі, стаў фатаграфаваць шэраг дрэваў, якіх больш ня будзе, каб засталіся хаця б здымкі. Уласна кажучы, гэта й было расцэнена судом як дробнае хуліганства. Праўда, каб узмацніць «віну», міліцыянты цьвердзілі ў судзе, што ён адмовіўся пакінуць месца здарэньня, стаў «абдымаць дрэва». Гучала гэта недарэчна.

Сам Дмухоўскі прызнаўся – міліцыянты спыталі: «хто ўдзельнічае – у дзяжурную машыну, хто не – адыдзіце ўбок». Адысьці дазволілі прысутным журналістам, у Дмухоўскага спыталіся асабіста, і яму не дазволіў гонар пакінуць удвох Ігара Лапеху і Надзею Крапівіну, якія пратэставалі супраць сьпілоўваньня дрэваў. Як ён патлумачыў судзьдзі Натальлі Козел, зрабіў гэта «дзеля салідарнасьці». Салідарнасьць Козел ацаніла сьціпла, «усяго» на пяць базавых адзінак, гэта 175 тысяч рублёў.

Ігару Лапеху «выпісалі» самы вялікі штраф – трыццаць мінімалак, Надзеі Крапівінай, якая на ўтрыманьні маці і ня мае заробку, – дваццаць пяць. Але іхняя віна была расцэнена як большая, бо адмовіліся сядаць у варанок, Лапеху міліцыянты цягнулі ў машыну па вуліцы. Здавалася б, ім павінна было стаць няёмка ад здымкаў, якія трапілі ў інтэрнэт: узброены аўтаматамі Калашнікава нарад гвалтам схапіў чалавека, які ўсяго толькі прасіў не пілаваць дрэвы! Але ж не, копіі здымкаў былі прыкладзены да справы, якую зь міліцыі перадалі ў суд у якасьці «доказаў віны» Лапехі.

Паспрабуем падсумаваць: трэба пілаваць дрэвы ў гістарычнай частцы Горадні ці не? Правільна гэта ці не, дабро гэта ці адназначнае зло? Варта сказаць, што вельмі доўга ніхто за дрэвамі не сачыў. У газэтах былі адно нараканьні, што ў савецкія часы насадзілі таполяў, ад пуху якіх немагчыма дыхаць, якія павялічваюць алергію у жыхароў. Але цяпер іх няма, у цэнтры стала здаравей, лягчэй дыхаць улетку. Праўда, стала меней зеляніны, бо пляжыць пачалі іншыя дрэвы, а апошнім летам масава захварэлі славутыя гарадзенскія каштаны, так што яны таксама ў небясьпецы быць сьпілаванымі.

Трэба заначыць, што ёсьць людзі, якія шкадуюць кожнае дрэва, а іншым на гэта ўвогуле напляваць. Абаронцы гістарычных кварталаў, напрыклад, супраць разбурэньня любой камяніцы, але жыхары старых дамоў, у якіх няма нармальнага туалета, настроены адваротна: хай улады прышлюць бульдозэр, а ім дадуць кватэры ў спальных раёнах.

Такім чынам, нерэальна абмяркоўваць лёс кожнага дрэва з грамадзкасьцю. Аднак праблема ў тым, што зь ёю ніхто нічога абмяркоўваць не зьбіраецца, гульня ідзе ў адную браму. Усе пратэсты сканчаюцца пратаколам і судом. Другі бок тым часам мае поўную свабоду: любы начальнік, калі яму захочацца, сьпілаваць дрэвы, зробіць гэта без праблем – з дазволам будзе ўсё ў поўным парадку.

Вось якраз гэтае няроўнае і несправядлівае, як лічаць абаронцы прыроды, становішча выклікае пратэст зь іхнага боку.  Пратэст, які ня можа закончыцца пры цяперашняй уладзе посьпехам. Гэтая ўлада ня церпіць ніякіх пратэстаў.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...