Шматпавярховік на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці?
Грамадскасць і прафесіяналы з «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» патрабуюць забараніць незаконнае будаўніцтва.
Пра змаганне супраць наўмыснага разбурэння і знішчэння гістарычнай зоны ў трохкутніку паміж вуліцамі Старажоўскай, Багдановіча і архітэктара Заборскага – насупраць опернага тэатра, мы ўжо пісалі. Тут па заказе ТАА «Трайпл» пачаліся працы па ўзвядзенню шматпавярховага жылога комплекса. І вось да гараджанаў далучылася грамадзкае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Старшыня Рэспубліканскай Рады Антон Астаповіч ад імя арганізацыі днямі накіраваў у Мінскую гарадскую пракуратуру ліст.
Вось на якіх момантах фіксуецца ў ім ўвага абаронцаў спадчыны і закону:
«Названая тэрыторыя з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-й катэгорыі, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад шыфрам 713Г000287, і пад аховай дзяржавы, згодна Дзяржаўнага спісу, знаходзяцца будынкі і збудаванні, гістарычная планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт.
Будаўніцтва 18-і павярховага жылога будынку «з’яўляецца грубейшым парушэннем артыкулаў 27; 28; 32; 33; 36; 37; 38 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», іншых нарматыўна-прававых актаў. Дадзеныя парушэнні прывядуць да знішчэння практычна ўсіх кампанентаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, што патрапіць пад дзеянне артыкула 344 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Настаяльна патрабуем правесці праверку па факце парушэння заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, прыцягнуць вінаватых да адказнасці з мэтай прадухілення здзяйснення крымінальнага злачынства».
Апошні раз справа па артыкулу 344 Крымінальнага кодэксу – наўмыснае разбурэнне, знішчэнне ці пашкоджане помнікаў гісторыі і культуры была ўзбуджана ў 1994 годзе ў Гродна. Вінаватыя ў знішчэнні гісторыка-культурных помнікаў тады адказалі за свае справы перад судом.
Жыхары дамоў 23-27 па вуліцы Багдановіча таксама не спыняюцца. Яны звярнуліся з лістом да Камітэту дзяржаўнага кантролю і дамагаюцца, каб іх азнаёмілі з пратаколам сходу, які адбыўся ў Цэнтральным райвыканкаме 13 лістапада.