Забароненых зон становіцца ўсё больш
Уздоўж межаў з Польшчай і Літвой і без таго хапае вёсак, куды проста так не заедзеш. І вось – новае пашырэньне гэтай мяжы. Ажно ў пяці раёнах Гарадзеншчыны.
Адмысловая камісія абмеркавала, як палепшыць памежную зону на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці. У прыватнасьці, быў разгледжаны праект чарговага за апошнія чатырнаццаць гадоў рашэньня аблвыканкаму наконт «усталяваньня межаў» пагранзоны і пагранпаласы – уздоўж межаў з Польшчай і Літвой.
Нарэшце ў чыноўнікаў абудзіўся розум: да іх дайшло, што, напрыклад, знаходжаньне пасёлку Парэчча на поўначы ад Горадні – побач зь Літвой у пагранзоне – звычайны ідыятызм. Яны разумна разважалі на паседжаньні аб тым, што ў Парэччы, аказваецца, існуе вялікі і вядомы ня толькі ў Беларусі санаторый (дарэчы, зь мінэральнай вадой, падобнай да друскеніцкай) і варта было б зрабіць уезд туды свабодным.
Гэтая прапісная ісьціна, аднак, была вядомай і ў 1994 годзе, калі Парэчча раптоўна трапіла ў створаную ўздоўж усёй мяжы зь Літвой закрытую зону. Апроч санаторыя, Парэчча мае выдатнае возера і заўсёды было традыцыйнай зонай адпачынку гарадзенцаў. І вось горад з трохсоттысячным насельніцтвам абмежавалі ў правах, забаранілі жыхарам наведваць пасёлак. Дзеля чаго? Адказаць на гэтае пытаньне рацыянальна немагчыма.
Разам з Парэччам у зоне дагэтуль знаходзяцца яшчэ сем вёсак сельсавету. У суседнім – Гожскім – забаронены свабодны ўезд ажно ў адзінаццаць вёсак. Гэта таксама было зроблена менавіта ў 1994-м.
На другім ад Гожы баку Нёмана ў куту паміж Літвой і Польшчай Сапоцкінскі пасялковы савет. У ім да нядаўняга часу ў пагранзоне знаходзіліся дваццаць (!) населеных пунктаў. Па яго тэрыторыі пралягае вядомы Аўгустоўскі канал. Калі яго аднавілі два гады таму, уклаўшы больш за чатыры мільярды рублёў, то сталі чакаць замежных турыстаў. Але да чыноўнікаў дайшло, што «турыстычны аб’ект» у пагранзоне ня мае шанцаў на прыток наведнікаў. Пачалася «падкавёрная» валтузьня. Аднак пагранслужба «не пушчала», доўга не пагаджалася, ажно нарэшце частку вёсак уздоўж самога каналу выключылі з забароненай зоны. Праўда, адыдзеш убок ад каналу на некалькі соцень мэтраў і ты – зноўку ў «спэцзоне».
Мне могуць сказаць: што ты ўсё крытыкуеш, хіба пагранзона – дурнота, хіба непатрэбная яна? Ня ведаю: пры Сталіне, да вайны і пасьля яе заканчэньня, калі стварылі зону, можа й была патрэбная, не магу сказаць з пэўнасьцю. Але ж няма СССР, мы апынуліся ў ХХІ стагодзьдзі, а сёньняшнія стваральнікі зоны дагэтуль, атрымліваецца, жывуць у часы халоднай вайны.
Так, у Літве і Польшчы, таксама, як і ў нас, існуе паняцьце «пагранічнай паласы» – вузкага пасу ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Але нікому нават ў жахлівым сьне не прыйдзе да галавы абмяжоўваць уезд на курорт Друскенікі, які, па паняцьцях цяперашніх беларускіх чыноўнікаў, павінен знаходзіцца ў «іхняй пагранзоне», як і недалёкае ад Друскенік Парэчча.
І апошняе: адмысловая камісія, што зьбіралася днямі і якая дапяла, што трэба выключаць Парэчча з пагранзоны, аднак, адначасова зрабіла выснову: некаторыя населеныя пункты пяці раёнаў вобласьці на межах з Польшчай і Літвой, наадварот, трэба ўключыць у пагранзону. Аказваецца, беларускім чыноўнікам страшна штосьці зрэдку дазваляць, не ствараючы адначасова новых забаронаў.