«Ажывае» радыяцыйнае сховішча пад Маларытай
Яго пабудавалі насуперак грамадзкасці. Актывісты цвердзяць, што пабудаванае з тэхналагічнымі парушэннямі сховішча пачынае фаніць.
Нядаўна пабачыў дзіва дзіўнае: зарунелі стагі «катышоў» саломы на полі. Гэта каля вёскі Струга Маларыцкага раёна. Ці не радыяцыя гэта прэ? – ёкнула ўнутры.
Выбраўся я на расследаванне. Упісаўся за дзень да снегу. Але ўсё роўна дзень выдаўся нялюдзкі: дождж, вецер і халадрыга.
Адно што паштарка мусіла ісці на працу. Пытаю, ці ёсць што цікавае?
– Такого што ныбудзь нового нэ чутно.
– А як у вас вада?
– Ну, вода – нормально ў нас вода.
– Замеры робяць з санстанцыі?
– Так, прыйэзджают люды робят.
– І на радыёактыўнасць?
– Да, но нычого…
– Грыбы збіраць можна? Я заўважыў, каля самага палігона збіраюць.
– Ну да, грыбы, ягоды збырают.
– І радыяцыі не паказвае?
– Нэ паказвае.
З лесу – надвор’е сама тое, каб адтуль нешта «пазычыць» – выехаў воз. Двое мужчын пры ім, малодшы і старэйшы. Пытаюся:
– Грыбы ў вас паўсюль збіраюць? І каля палігонаў?
– Паўсюль. Парыта ўсё, зэлйонкі. Радыяцыя большая. Хто-то возыл на проверку в Брэст. Жэншчына там одна, з дэрэвні возіла. Зашкалівает. Запрэтылы йэй продавать.
– Цяпер кажуць, адкіды з каналізацыі возяць там?
– Да, там йышчо одна свалка з туалета возйат всё там, з каналізацыі.
– У вас грунтавыя воды блізка?
– Да, да, да…
– Ну што ж, я праверу ў санстанцыі.
У лабараторыі рынку “Юбілейны” мае грыбы прынялі на замер:
– У чым справа! Праверым!
– А дзе вялікая радыяцыя ў нас?
– Брэсцкі раён. На Дамачава, пачынаючы з вёсак Ліпнікі, Хорсы…
Вынік замеру «не вельмі»: пры норме ў 370 бекерэляў на гадзіну мае зялёнкі паказалі 375. Еду ў цэнтр горада ў больш дасканалую лабараторыю радыяцыйнага кантролю.
Але не – жыта ім трэ’ было болей, чым я надраў. Давялося забраць для менш пражорлівай апаратуры. Затое даведаўся, што дзецям можна спажываць рознае ўсё з лесу з нагрузкай не больш за 37 бекерэляў. Між тым трапляюць сюды грыбы з пятнаццаціразовым перавышэннем парога – з-пад Століна, Лунінца. З-пад Ружанаў ды Камянца – бывала, дзве нормы прыносілі.
Гэтая лабараторыя знаходзіцца ў складзе абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадзкага здароўя. Загадчыца Цэнтра назвалася Наталляй Ўладзіміраўнай. Яна пацвердзіла: так, Стругай займаемся мы, бярэм на аналіз пробы. Падрабязнасці даручыла распавесці начальніку аддзела радыяцыйнай гігіены Мікалаю Мікалаевічу Ляхаву. Той адразу спытаўся:
– Вы наогул-та былі там, у Струзе? Не?
– Так.
– Праект гэты быў – вырыты вялікі катлаван, закрыты плёнкай, на плёнку нанесены слой гліны спецыяльнай.. Па перыметру восем шахтных калодзежаў для замеру вады. Раз на паўгады мераем ваду, каб не трапляла радыяцыя ў грунтовыя воды. І зверху мераем узровень. Вось, бачыце – паказвае дакументы – якога чысла?
– 15 верасня. Свежы замер.
– І нідзе перавышэння па гэтых водах няма.
Бачна, што спадар Ляхаў любіць сваю працу:
– Вы разумееце, пра плямы гэтыя цяпер гаварыць цяжка. Прайшло 22 гады. Распаўзаюцца яны. Расліны паядаюцца каровамі, праз кароў трапляе ў малако, з малаком у чалавека. Мы раз на год правяраем у Столінскім раёне, Драгічынскім.. На СІЧ – ведаеце што такое? – Счётчік Імпульсов Человека. Леснікі, паляводы, хто больш звязаны з гэтым… Чалавек становіцца на апарат і – бываюць знаходкі, людзі атрымліваюць больш… Але ў зоне інакш і быць не можа. Атрымліваюць яны дабаўкі, пенсію раней…
Парырую:
– Знялі.
– Я разумею. Гэта не наша праблема. Таму ў Чарнобыльскай зоне па-другому трэба гаспадарыць. А што да Стругі – сёння вы-клю-ча-на…
Я спытаў у служывага чалавека Ляхава, як жа людзям збіраць грыбы там?
– А што вы сказалі «грыбы»… Здзіўляеце мяне. Чытаеце ж перыёдыку. Штогод, з ваганнямі плюс-мінус, 20 адсоткаў грыбоў на Брэстчыне ідуць з перавышэннем і да 10 адсоткаў ягадаў, чарніцы ў асноўным. Заўсёды нестандарт. А што да Стругі – вы-клю-ча-на, таму што Стругай цікавіцца яшчэ і Україна. З Валынскай вобласці прыязджала, глядзела. Бачыце? (паказвае акт) Баяцца яны, што мы Стругай забрудзім грунтовыя воды і ім радыяцыю ды-ды-ды. Мы ім раз на год справаздачы пасылаем.
А чаму выбралі Стругу… Я ж сам маларыччанін. Каб мне пад бок прывезлі – мала ці што? Але гэта адносна далёка – чатыры кіламетры. Па-другое – там палігон бытавы, там ужо ёсць. Паміж намі кажучы, гэтыя палігоны больш небяспечныя за радыёактыўны. Там жа штодня возяць. І – трэба каб як торт «Напалеон» – слой зямлі, слой…., слой зямлі – слой…. . Ня ўсё там робіцца, як след. Нядаўна кіраўнік ЖКГ Лабанаў скардзіўся: няма сродкаў. А радыёактыўны палігон – яго зрабілі, як трэба. Закапалі – і ўсё.
У лабараторыі санітарна-ветэрынарнага кантролю Цэнтральнага рынка пацвердзілі: так, прыносілі людзі ў лістападзе грыбы з тых месцаў з перавышеннем парога ў паўтара-два разы. А жыта ваша, сказалі, мы не правяраем на тыя элементы, якія ў радыёактыўным грунце. Паспрабуйце штатным радыёметрам.
Прыспеў час сустрэцца з маёрам ракетных войск у адстаўцы Ўладзімірам Малеем. Задаю птыньне:
– Чаму вы лічылі, што не трэба туды везьці радыёактыўныя матэрыялы?
– Па-першае, мы лічылі, што зямлю трэба вывозіць у Чарнобыльскую зону, дзе ўжо ёсьць радыяцыя, а не сюды, дзе вёскі тут, дзе людзі сабе лецішчы паставілі. Мы ўпэўненыя, што радыяцыя з часам пойдзе ў грунтовыя воды. І галоўнае: мы ўстанавілі, што тэхналогія не была выкананая: не была пакладзеная ні плёнка, ні гліна як след, нічога гэтага не-бы-ло, не было вы-ка-на-на.
Мы гэтыя матэрыялы аддалі ў суседнюю Польшчу, дык пісалі на першых старонках і «Газэта выборча», і «Трыбуна люду»… Улады нашы падманвалі суседзяў: гэта сто ці дзвесце кіламетраў… Ад Стругі да Польшчы дваццаць па карце!
– Такім чынам, быў адкрыты падман… А плёнку тую – яе вам паказвалі хоць? Якая яе таўшчыня?
– Ды не было яе! Праект – так, быў, але яго не выканалі. На якіх падставах? Няма сродкаў. Не зрабілі. Не зрабілі нічога.
– А што будзе, калі сапраўды грунтавыя воды ўспрынялі радыяцыю, і яна пайшла?
– Я на гэта вось што скажу. Быў санітарны ўрач галоўны ў Брэсце… Ракоць, так, Ракоць, дык ён пісаў у «Вечернем Бресте», што небяспечна пляму ў цэнтры горада пакідаць. Там радыяцыя апусцілася месцамі на паўтара метры. Яшчэ крыху – і дойдзе да грунтовых вод. Трэба вывозіць, бо трапіць у Мухавец…. А вада і так у нас… у ёй многа жалеза…
– Сама па сабе яна дрэнная, бо там балота, а да таго ж там палігонаў набудавалі тры штукі цэлых …
– Так. Гаўно пойдзе туды. Яны лічаць: магільнік – гэта выкапаў яму, паставіў агароджу, і ўсё. А насамрэч трэба тэхналогію выконваць. А яе не выканалі, б… .
Што ж, у адным і адмысловец Ляхаў, і актывіст Малей адзіныя: экалогія гэтага куточка Бацькаўшчыны пад пагрозай. Ёсць плёнка пад палігонам у Струзе ці няма, ці чыстае там збожжа і вада – пра ўсё гэта мы будзем трымаць вас у курсе.