Кожная гаспадарка Віцебшчыны вінная дзяржаве па 7,7 мільярда
У пошуках добрых заробкаў вяскоўцы мараць перабрацца ў горад. А на вызваленыя працоўныя месцы цэнтры занятасьці прысылаюць гараджанаў.
У тым, што сучасная вёска гібее, можна пераканацца, наведаўшы ці не любую зь іх амаль у кожным раёне вобласьці. Верхнякрывінскі сельсавет Бешанковіцкага раёну аб’ядноўвае больш за паўсотні такіх заняпалых вёсак – у некаторых засталося ня больш як дзясятак жыхароў-пенсіянэраў.
Бабулі й дзядулі вельмі радуюцца, што іхным дзецям удалося пераехаць у раённы або нават абласны цэнтар, бо на ўмовы свайго вясковага жыцьця ім застаецца толькі скардзіцца.
– Тры гады пакутуем, што няма ў нас добрых дарог, – распавядае Галіна Нізоўцава, жыхарка вёскі Рубеж. – “Хуткая дапамога” штораз разыкуе загразнуць у лужыне ці забуксаваць у сьнезе. І калі ўжо не пасьпее да хворага, і зь ім нешта дрэннае здарыцца, дык і да могілак нябожчыка па такой дарозе давезьці – сапраўдная праблема.
Гаворка ідзе пра дарогі, добраўпарадкаваньнем якіх мусілі б займацца мясцовыя калгасы. Але ў гаспадарках няма грошай, а ёсьць адны шматмільярдныя пазыкі. Таму вяскоўцы ўласнаручна засыпаюць кожную яміну каля свайго плоту. Ды моляцца Богу, каб памерці ўлетку – суха…
Могілак на тэрыторыі Верхнякрывінскага сельсавету больш за тры дзясяткі. Усе яны парасьлі дрэвамі, і таму заўжды ёсьць небяспека, што старая ліпа ці клён аднойчы паваліцца ды пашкодзіць помнікі. Але найбольш небясьпечна, калі такое нетрывалае дрэва расьце побач з чалавечым жытлом – як , да прыкладу, у вёсцы Крывое Сяло. Літаральна пасярэдзіне вёскі стаіць нежывое дрэва, у якое некалі ўдарыла маланка ды выпаліла сярэдзіну. Але каб сьпілаваць яго ды вывезьці на дровы, у сельсавеце няма грошай.
Такія, здавалася б, дробныя, але чамусь невырашальныя праблемы ёсьць ня толькі ў малых вёсачках, але і ў так званых аграгарадках. Навасёлы “прэзыдэнцкіх” дамкоў з араградка “Ржаўка” пэўныя, што безгаспадарчасьць не залежыць ад статусу населенага пункту.
– Калі мы засяляліся, у двары быў выкапаны калодзеж, – кажа мясцовая жыхарка Вольга Кавалёнак, – але вада ў ім скончылася праз два месяцы. Нам вырылі новы. Але так, што ў ваду трапілі каналізацыйныя сьцёкі. Цяпер даводзіцца хадзіць па ваду ці не за кіляметар, хаця паводле ўмоваў засяленьня мы мусім мець індывідуальны калодзеж. А ў нас трое маленькіх дзетак, так што можаце ўявіць, якія праблемы…
Сям’я Кавалёнкаў шкадуе, што калісьці яны, спакусіўшыся на нібыта камфортнае жытло, пагадзіліся застацца ў сельскай гаспадарцы ды не паехалі шукаць працы ў горадзе. Праца на вёсцы ёсьць, але вельмі нізкія заробкі – ня больш за 350 тысяч рублёў.
Ёсьць і шмат апусьцелых дамоў, якія гатовыя аддаць спэцыялістам, калі яны прыедуць сюды працаваць. Віцебскі гарадзкі цэнтар занятасьці насельніцтва ўжо 10 год практыкуе такія “пераезды”: гарадзкім беспрацоўным прапануюць вёску на ўмовах прадастаўленьня жытла. Але ахвотных з кожным годам усё менш і менш: у 2008 годзе ўдалося ўгаварыць на пераезд усяго 16 чалавек.
Пераважна гэта адзінокія людзі, якія зь нейкіх прычынаў страцілі свае гарадзкія кватэры, альбо моладзь, якая свайго кута так ніколі й ня мела. І пераяжджаюць на вёску, як правіла, не спэцыялісты, а тыя, хто гатовы працаваць на фермы доярам або жывёлаводам. Самы прывабны момант – гэта атрыманьне “пад’ёмных” грошай, якіх выдаецца аднаразова больш за мільён на кожнага перасяленца, і па 263 тысячы рублёў на кожнага члена ягонай сям’і. Але грошы хутка сканчваюцца, асабліва калі “новапрыбыўшы” часта наведвае вінны аддзел мясцовай крамы. Многія менавіта так і робяць, бо нічога больш прывабнага сёньня на вёсцы няма – ні пэрспэктыў, ні прыстойных заробкаў, ні нават добрай асфальтаванай дарогі.
Оставить комментарий