Гарадзенскія вуліцы перайменавалі. Прычым — разумна
Насельніцтва абласнога цэнтру нядаўна павялічылася на некалькі тысяч чалавек – да гораду далучылі навакольныя вёскі. І ў гарадзкіх межах апынуліся новыя вуліцы. Паколькі за саветамі называлі іх звычайна аднолькава, ва ўладаў адразу ўзьнікла патрэба ў іх новай «ідэнтыфікацыі».
Гэта было зроблена, але чыноўнікі пазабыліся своечасова паведаміць пра новыя назвы ў «хуткую», пажарнікам, ды ў іншыя службы, таму паўсюдна ў жыхароў сталі ўзьнікаць непрыемныя сытуацыі з выклікам доктара дахаты ці аварыйнай службы. Людзі пачалі скардзіцца, і ўлады ў рэшце рэшт адрэагавалі: разаслалі сьпісы з новымі назвамі па інстанцыях.
Трэба сказаць, большасьць вясковых вуліц мела нэйтральныя назвы — «Школьная», «Зялёная», «Новая», хаця трапілася і «Савецкая», а ў горадзе так называецца асноўная вуліца ў гістарычным цэнтры. Калі прааналізаваць працу па замене назваў, то можна сказаць, што ў большасьці выпадкаў яе вынікі якасныя: зьявіліся, напрыклад, вуліцы Кавальская, Млынарная, Лісіная горка, нават Бабіна горка… Карацей, былі ўлічаныя мясцовыя – былыя вясковыя рэаліі. Але разам з тым у чыноўнікаў відавочна не хапіла фантазіі і яны прыдумалі вуліцы Атрадную, Акрэсную, Запаветную.
Пра што яшчэ сьведчыць гэты ды іншыя такія прыклады? А пра тое, што калі ўладам спатрэбілася, яны раней усе калгасы Беларусі перайменавалі за раз, у сталіцы – праспэкты, а ў Горадні цяпер – дзесяткі вуліц адначасова. Аднак калі грамадзкасьць зьвяртаецца з падобнымі ж прапановамі, яны звычайна ўспрымаюцца чыноўнікамі ў штыкі, у адказ адразу называюць несусьветныя кошты пераназваньня якой-небудзь асобнай вуліцы… Яшчэ раз пераконваесься: слушна казалі старажытныя – тое, што дазволена Юпітэру, не дазволена быку.