У Брэсце можна нажабраваць 50 тысячаў у дзень
Карэспандэнт Еўрарадыё высветліў, што жабракі збіраюць грошы на ежу, на навучанне, лячэнне і нават на паліва.
Людзей з працягнутай рукой у горадзе нямала. Яны стаяць у людных месцах: ля цэркваў, вялікіх крамаў, на кірмашы. Сляпы чалавек стаяў пад дзвярыма Калгаснага рынка. Калі карэспандэнт «Еўрарадыё» прыладзіўся яго сфатаграфаваць, прыбегла маленькая жанчына і за рукаў пацягнула невідушчага прэч. Аднак удалося гэтых людзей разгаварыць. Пажаліліся, што ў іх халодны шчытавы дом, на ўтрыманне якога трэба неяк зарабляць.
Жонка сляпога: — Дык трэба аддаць цяпер за торф дзвесце тысячаў, а дзе іх узяць?
Еўрарадыё: — А Вам хто-небудзь дапамагае?
Жонка: — Ніхто не дапамагае. Калгас той на ладан дыхае. Пяты ўжо старшыня. Не, шосты. Развалілі, дык іх замест каб панізіць, павысілі. Няма справядлівасці!
Каля сходаў просіць міласціну інвалід у вазку. Пытаю, што змушае тут стаяць.
Інвалід: – Дык што тая пенсія – лухта! А есці хочацца.
Непадалёк на людным пераходзе карэспандэнт Еўрарадыё заспеў каларытную пажылую жанчыну:
Еўрарадыё: – Чаму просім?
Жанчына: – Дык унукі ў мэнэ учацца… Славык за учытэля дэтэй учыть (гэто молодшый), а старшый дык аж у Мінск поступыв. А в дочкы давленіе…
Еўрарадыё: – Дык Вы што, унукам на вучобу збіраеце?
Жанчына: – І собі поісты і ўнукам.
Еўрарадыё: – І колькі за дзень атрымліваецца сабраць?
Жанчына: – Тысяч пятнаццаць… дваццаць.
А вось якія зборы ў іншых брэсцкіх жабракоў:
Старая жанчына на рынку: – Ой, шмат не даюць, і ўсё дробнымі па дзесяць – дваццаць рублёў. Тысяч пятнаццаць, а калі позна прыйдзеш, дык і дзесяць. Многа не даюць.
Невідушчы: – Тысяч пяцьдзясят можна сабраць, калі добра даюць.
З другога боку царквы, хаваючыся ў доўгую хустку, брала грошы вольнай рукой маладая жанчына. Правай рукой трымала немаўля. Карэспандэнт Еўрарадыё спытаў, чаму просіць.
Жанчына: – Хлеба купіць. Я з прыгарада Брэста. Няма працы. І родных няма нікога.
Жанчына не надта хацела фатаграфавацца. Затое атрымалася сфатаграфаваць дзвюх маладзіц з дзецьмі на прыступках пешаходнага мастка да чыгуначнага вакзала. Там жа ўдалося атрымаць і крыху інфармацыі пра сацыяльную дапамогу.
Старэйшая: – Дэты голодныі хліба просйат.
Еўрарадыё: – А дапамагае Вам хто? Дзяржава? Ініцыятывы якія?
Старэйшая: — Ой мамко, ныхто нам не помогает, жывэм як можэм. Та Вы ліпш у ей распытайтэся.
Малодшая: — Помогают. Люды в Брэстэ коло цэрквы, батюшка…
Карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў дазволу на фота. Маладзейшая згадзілася, але схавалася за дзіця. Згадваецца старая песня: «Сам я з-па-над Буга, ня маю ні каня, ні плуга».
«Еўрарадыё» збіраецца і далей сачыць за лёсамі людзей з маргінэсу.
Еўрапейскае радыё для Беларусі

Фота Юльяна Навуміка, Брэст

Фота Юльяна Навуміка, Брэст

Фота Юльяна Навуміка, Брэст

Фота Юльяна Навуміка, Брэст
Вы их жалеете? 15 тысяч, а мне как-то говорили — 30 за полдня «работы» (для них это работа). В месяц получается 900 тысяч. Хорошая такая зарплата. А на детей государство не помогает только потому, что они этих детей не регистрируют — лень.
Реклама от RedTram