Главная » BY, Гродненская, Общество

Сведкі пра герояў галівудскага фільма «Выклік»: «Ваякі былі ерундовыя»

3 февраля 2009 Комментариев нет

У Навагрудку і ваколіцах карэспандэнт Еўрарадыё Марына Космач сустрэлася з людзьмі, якія памятаюць партызанаў-братоў Бельскіх, герояў галівудскага фільма «Выклік», ролю аднаго з якіх выканаў знакаміты «бонд» Даніэл Крэйг.

Нагадаем, гісторыя атрада пачалася з таго, што ў снежні 1941 года бацькоў Бельскіх забілі немцы. Іх сваякі пачалі хавацца ў лесе. Да іх далучыліся чатыры сыны забітых. Старэйшы Тувія меў 35 гадоў, Асаэль – 33, Зусю споўнілася 30, а Аарон быў 13-гадовым падлеткам.

Паступова сямейная група расла, да яе ўцякалі вязні з гета ў Навагрудку і Лідзе. Асноўнай мэтай Тувія лічыў выратаванне як мага большай колькасці яўрэяў. Напрыканцы вайны атрад налічваў ажно 1200 чалавек. У яго прымалі жанчын, дзяцей, старых.

Лагер Бельскіх у Налібоцкай пушчы нагадваў малое мястэчка. Быў свой шпіталь, дзяцей у школе нават вучылі пісаць на драўляных дошчачках. Працавалі майстэрні, прадукцыю якіх выменьвалі ў іншых партызанаў на ежу і зброю.

Напярэдадні вялікай карнай аперацыі немцаў супраць партызанаў пад назвай «Герман» (лета 1943 года) з Масквы прыйшоў загад рэарганізаваць партызанскія фарміраванні ў Беларусі. Атрад Бельскіх падзялілі на дзве часткі: сямейную і баявую. Абедзве ўвайшлі ў брыгаду імя Кірава.

Аднак галоўнай праблемай для Бельскіх было не змаганне, а пошук ежы. Таму насамрэч ваявалі яны няшмат.

Міхаіл Булаўка

Міхаіл Булаўка

Міхал Булаўка з вёскі Купіск пад Навагрудкам успамінае.

– Ваякі былі ерундовыя. З імі і астатнія атрады не надта сябравалі.

Намеснік камандзіра брыгады імя Кірава Аляксандр Гарэлік, які зараз жыве ў Навагрудку, адмовіўся гаварыць пра баявыя заслугі Бельскіх.

– Пра нябожчыкаў гавораць толькі добрае. Альбо нічога не гавораць. Я прытрымліваюся апошняга і нічога вам не скажу… Яго вялікая заслуга ў тым, што ён выратаваў вялікую групу дзяцей, жанчын, старых.

Аляксандр Гарэлік лічыць, што калі не галівудскі, дык хаця б беларускі фільм трэба было б зняць пра беларускі народ, які дапамагаў партызанам выжыць.

– Вось прайшлі нядаўна мерапрыемствы ў Беларусі, прысвечаныя Халакосту, дзе выступаў прэзідэнт наш. І аніводнага слова не было сказана пра тых, хто на сваіх плячах вытрымалі партызанскі рух, пра мясцовае насельніцтва. Уявіце сабе: 374 тысячы партызанаў. Гэта трэба было пракарміць, даць адзенне. І яны вытрымалі. Вось чаму абавязаны партызанскі рух. Не было б гэтай дапамогі мясцовага насельніцтва, мы б тут не пратрымаліся аніводнага месяца.

Звесткі пра шэсць ваенных аперацый, у якіх разам з савецкімі партызанамі удзельнічалі людзі Бельскага, падаюць ў кнізе «Як мы перажылі Халакост з яўрэйскім партызанскім атрадам у Беларусі» Доў Коген і Джэк Каган.

Аднак пра ўзяцце мястэчка Налібакі 8 мая 1943 года яны не ўзгадваюць. Няма такой сцэны і ў фільме. А вось сведкі тых падзей, якія дагэтуль жывуць у Налібаках, успамінаюць: партызаны спалілі вёску і забілі шмат нявінных людзей, якіх абвінавацілі ў падтрымцы немцаў.

Жыхарка Налібак Марыя Адамцэвіч:

– Бачым мы, партызаны ідуць пад белымі гэтымі нашыўкамі. Ідуць наступаць на Налібакі. У канцы вёскі была зроблена каплічка, і тут быў нямецкі пост, самаахоўцы. Як партызаны ішлі, яны не стралялі – спалілі. Падыйшлі партызаны сюды ў вёску, і тут давай ужо самаахоўцы страляць. І некаторых партызанаў недзе пасярэдзіне вёскі забілі. Дык тады самага старшага партызана ранілі, і ён сказаў: “Біць і паліць усіх, не разбірацца”.

Паводле спадарыні Марыі, пачалі страляць і ў тых, хто ніякага дачынення да самааховы не меў. Так загінуў яе сваяк.

– І адзін выняў пісталет, партызан, і кажа: «І ты такі ж сукін сын, самааховец! » І нашага застрэліў, і наш ужо там лёг. І тады ўжо і пайшлі далей. І тады ўжо бамбілі, усю вёску спалілі.

Мясцовая жыхарка Леанарда Юнцэвіч кажа, што ў той дзень загінула каля ста чалавек. І калі пайшоў додждж, па дарозе цякла кроў.

Мы даведаліся, што Налібакі – не адзіная вёска, якую спаліла група з савецкіх і яўрэйскіх партызанаў. У 1944 годзе падобная гісторыя здарылася ў Купіску.

Уладзімір Сідо быў тады маленькім хлопчыкам. Ён кажа, што партызаны пачалі дзейнічаць, калі набліжалася Чырвоная Армія, а дагэтуль з немцамі змагаліся менш.

– Пяць атрадаў было. Тут такога руху не было. Дзе бліжэй дарогі, дык там яны, можа, і дзейнічалі. А тут яны сядзелі і мала што рабілі. Ужо калі Чырвоная Армія была пад Мінскам, тады яны троху выйшлі. Паказаць сябе.

У Купіску таксама была самаахова, набраная немцамі з мясцовых хлопцаў. Аднак партызаны ў супрацоўніцтве з немцамі абвінавацілі ледзь не ўсіх вяскоўцаў. За гэта спалілі вёску. Пасля людзі па два, а хто і па тры гады жылі ў зямлянках. Згадвае спадар Сідо:

– Комін толькі застаўся. Усё. А там усё спалена. Гавораць, з кожнай хаты стралялі. Не стралялі з кожная хаты. На гэта спасылаліся.

Партызаны забілі стрыечную сястру Уладзіміра Сідо, муж якой, між іншым, з 1940 года быў савецкім актывістам.

– Яна адчыніла вакно. Партызаны ж былі свае, не баялася ж. Той падыйшоў і кажа: «Дай боты хромавыя». А яна кажа: «Бацька, няма ж хромавых у нашага мужыка». Ён – бах у галаву. І ўсё, і кончана. Грабілі, усё пад чыстую грабілі, як ёсць.

А ці былі сярод гэтых партызанаў людзі Бельскіх? Працягвае спадар Сідо:

– Аб’ядналіся яны. Думалі, такая ўжо тут крэпасць. Во тут, дзе крама зараз, быў пры Польшчы сырзавод. У гэтым доме мураваным зрабілі ўмацаванні. Васямнаццаць чалавек было. Не немцаў, а ахоўцаў. Ну што ж там васямнаццаць чалавек… Пакуль кулямёт працаваў, яны яшчэ трымаліся.

Усіх з мясцовай паліцыі падчас узяцця Купіска забілі. Нябожчыкаў скінулі на бераг Нёмана, і яны плылі па рацэ.

Мы пацікавіліся, ці спрабавалі пасля вайны сваякі знайсці і асудзіць вінаватых у забойстве сястры? Уладзімір Сідо адказаў, што спробы былі, але безвыніковыя.

– Не судзілі. Тады наш нічога не дабіўся. Вайна спісала ўсё – хто вінават, хто не вінават. Нічога не дабіліся…

Еўрарадыё

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...