Главная » BY, Гродненская, Темы, Экономика

“Крызісу няма!” Ёсьць адна толькі праблема: нічога не прадаецца

6 февраля 2009 Алесь Кавалёў 4 views Комментариев нет

На складах лідзкіх прадпрыемстваў прадукцыі амаль на 125 з паловай мільярдаў рублёў – 120 працэнтаў месячнага выпуску тэхнікі, тавараў, вырабаў.  А на вёсцы 60 працэнтаў малочных фэрмаў маральна састарэлі.

Перапоўнены склады традыцыйна на абутковай фабрыцы, на заводзе “Оптык”, у вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і лідзкіх аўтобусаў, а таксама на некаторых іншых прадпрыемствах.

Мясцовыя ўлады прызнаюць, што на гарадзкой эканоміцы адбіваюцца крызісныя зьявы, якія адчуваюцца ва ўсіх суседніх краінах. Тым жа часам у Лідзе зьбіраюцца не дапусьціць масавых звальненьняў на прадпрыемствах. Улада будзе таксама кантраляваць, каб людзям без спазьненьняў працягвалі выплочваць заробкі.

І ў такой складанай эканамічнай сытуацыі мясцовае начальства, аднак, зьбіраецца будаваць лядовы палац, бо так загадана было раней зь Менску.

Старшыня Лідзкага райвыканкаму Андрэй Худык ва ўнісон з вышэйшай уладай паўтарае, што “нельга паддавацца магіі слова “крызіс”. Маўляў, “падставаў для панікі” ён ня бачыць, хаця прызнае: год будзе вельмі складаны.

Такім чынам, спадар Худык пакуль застаецца на сваёй ранейшай пасадзе, хаця некалькі месяцаў цягнулася інтрыга, зьвязаная зь ягоным магчымым прызначэньнем на вызваленую пасаду старшыні гарвыканкаму ў Горадні. Лідчукі нават загадалі: на вокнах дома лідзкага галавы зьніклі фіранкі, напэўна хутка зьедзе… Аднак у Горадні цяпер іншы кіраўнік выканкаму.

Пытаньне ў тым, ці здолее Андрэй Худык трапіць у бліжэйшым часе на больш высокую пасаду? Бо кіраўнік ён бадай здольны. Аднак як ні змагайся “з панікай” і з “магіяй слова “крызіс”, лідзкія паказчыкі могуць пагоршчыцца і падпсаваць пазыцыі А.Худыка.

У гарадзкой эканоміцы няпросты стан, а на вёсцы яшчэ больш складана. Напрыклад, улады прызнаюць: практычна шэсьцьдзесят адсоткаў малочных фэрмаў раёну маральна састарэлі. Пры гэтым трынаццаць адсоткаў даведзеныя да аварыйнага стану, тэрмін іх эксплюатацыі цалкам вычарпаны. На добры лад трэба зруйнаваць і пабудаваць новыя, а дзе ўзяць грошы, калі трэба ўзводзіць лядовы палац?

Другие статьи

Оставить комментарий

Добавьте свой комментарий или трэкбэк. Вы также можете подписаться на комментарии по RSS.