Главная » BY, Брестская, Культура

Пінчукі дамагліся пераносу міні-казіно з цэнтра горада

6 февраля 2009 Еўрапейскае радыё для Беларусі 1 views Комментариев нет

Дэпутаты Пінскага гарсавету прынялі рашэнне аб паэтапным вывадзе на заходні ўскраек горада гульнявога бізнэсу, які за апошнія два гады акупаваў сталіцу Палесся. Тамтэйшыя кажуць, што цяпер іх горад нагадвае Лас-Вегас у мініятуры.

За гэты час тут адкрылася з дзясятак міні-казіно і букмекерскіх кантораў, паведамляе Еўрарадыё. Прычым большасць з іх знайшлі месца ў гістарычным асяродку горада, на пешаходнай вуліцы з недарэчнай назвай “імя Леніна”. У пінчукоў нават показка пайшла, што Пінск – гэта палескі Лас-Вегас.
Прычым у горадзе яўна нестае рэстарацыяў, кавярняў, бараў, дзе можна проста адпачыць, добра паесці. Напрыклад, у гістарычным цэнтры Пінска іх толькі пяць. У горадзе з насельніцтвам у 130 тысяч чалавек – дзве дыскатэкі і адзін дыска-клуб. З-за адсутнасці іншых магчымасцяў забавіцца маладыя пінчукі і сталі асноўнымі наведнікамі гульнёвых залаў і букмекерскіх кантораў. Яны прагульваюць бацькоўскія грошы, запіваючы гэта півам.

Чаму мясцовыя ўлады дазволілі такі росквіт азартнага бізнесу – невядома. Прадстаўнікі выканкама спасылаюцца на тое, што ліцэнзію на яго выдае Міністэрства спорту і турызму, а памяшканні выкупленыя ці арэндаваныя па законе, праз аўкцыёны.

Летась у Расіі быў прыняты закон, які дазваляе адкрываць казіно толькі ў трох раёнах федэрацыі. Астатнія залы павінны зачыніцца да 1чэрвеня 2009 года. Таму расійскія бізнесмены шукаюць нішы ў Беларусі, па якой любяць вандраваць расійскія турысты. Калі стала зразумела, што з-за росквіту гульнёвага бізнэсу ў Пінску пагоршала крымінагенная абстаноўка, час працы такіх установаў абмежавалі да 24 гадзін.

Асабліва пінчукоў абурала тое, што гульнёвыя залы знаходзяцца паміж галоўнымі храмамі горада – каталіцкім касцёлам Узнясеньня Дзевы Марыі, праваслаўным кафедральным саборам Уваскрашэння Гасподняга, гарадской сінагогай.

І вось, пасля шматлікіх скаргаў гараджан Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў вырашыў надалей даваць дазвол на адкрыццё аб’ектаў гульнявога бізнэсу толькі на заходнім ускрайку Пінска з паэтычнай назвай “Саломінка”. Рашэнне пачало дзейнічаць. Выканкам не дазволіў адкрыць новае казіно ў цэнтры горада, а адправіў заезджых прадпрымальнікаў у “Саломінку”.

Тым часам гульнёвы бізнэс падаўся ў глыбінку. У Вышэвiчах Пiнскага раёну супрацоўнiкi мiлiцыi i дзяржкантролю ў хаце вяскоўца знайшлі 26 гульнявых аўтаматаў без дакументаў. Тавар на суму 50 мiльёнаў рублёў канфiскаваны.

Другие статьи

Оставить комментарий

Добавьте свой комментарий или трэкбэк. Вы также можете подписаться на комментарии по RSS.