Віцебскія міліцыянты зноў шукаюць крэатыў
Абласная ўправа МУС абвясьціла конкурс на лепшы праект па прафіляктыцы п’янства і алькагалізму. Да ўдзелу запрасілі ўсіх ахвотных і паабяцалі прызы. Раней тут прыдумалі “Дошкі ганьбы”, Дні цьвярозасьці, адмысловую разьметку на небясьпечных дарогах…
Паводле начальніка ўправы прафіляктыкі МУС Віцебскага аблвыканкаму Рышарда Мальца, асабліва востра праблема п’янства стаіць у сельскай мясцовасьці. Так, у 2008 годзе менавіта вяскоўцамі было зьдзейсьнена 67 працэнтаў бытавых злачынстваў, і пераважная большасьць выпадкаў – з удзелам нецьвярозых правапарушальнікаў.
Таму спаміж усіх прафіляктычных праектаў найбольш вітаюцца мерапрыемствы, якія можна ладзіць на вёсцы, каб далучыць да іх яшчэ не зусім дэградаваную сельскую моладзь.
Мяркуецца, што ўдзел у конкурсе прымуць грамадзкія арганізацыі, перадусім БРСМ, а таксама асобныя аўтары з розным прафэсійным і грамадзкім досьведам.
Што да ініцыятыў саміх міліцыянтаў, то жыхароў Віцебшчыны нядаўнім часам ўразілі прынамсі тры крэатыўных вынаходніцтвы.
Так, зь ліпеня мінулага году ў розных населеных пунктах пэрыядычна ладзяцца так званыя “Дні цьвярозасці”. На іх у крамах забараняюць гандаль алькаголем, а для ўсіх ахвотных ладзяць масавыя спартовыя спаборніцтвы, лекторыі і канцэрты. Зразумела, ыпівохі маюць іншыя інтарэсы, а таму такія імпрэзы не наведваюць.
Ня так даўно ў Чашніцкім ды Лёзьненскім раёнах пазнаёміліся зь яшчэ адным ноу-хау міліцыянтаў. Па крамах і паштовых аддзяленьнях зьявіліся адмысловыя скрыні для зваротаў да ўчастковых інспэктараў. Мяркуецца, туды тамтэйшыя мусяць кідаць скаргі на дробных злодзеяў, хатніх дэбашыраў і, канешне, на гандляроў самагонам. Участковых заабавязалі штодня зьбіраць гэткія допісы ды разьбірацца: ці меў месца антызаконны факт, або нехта проста вырашыў шляхам паклёпу зьвесьці рахункі зь непрыяцелямі.
Оставить комментарий