КДБ працягвае спробы вярбоўкі маладафронтаўцаў
Чэкісты прапанавалі “супрацоўніцтва” гомельскаму студэнту. Той адмовіўся. Сябры не выключаюць, што цяпер хлопец будзе мець непрыемнасці з вучобай. І гэта далёка ня першы выпадак перасьледу маладзёнаў паводле палітычных матываў.
Дзмітрый Фяськоў навучаецца на другім курсе Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжу. На прыканцы тыдня яго выклікала намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Святлана Мікалаеўна Сарвірава. Пэдагог пакінула юнака ў сваім кабінеце сам на сам з супрацоўнікам Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці.
Як расказаў будучы эканаміст, чэкіст цікавіўся “Маладым Фронтам”. Нагадаем нашым чытачам: гэта – арганізацыя беларускай моладзі, якая пасля адмовы ўладаў зарэгістраваць яе ў Беларусі аформіла адпаведныя дакументы ў Чэхіі. Супрацоўнік КДБ распытваў пра гомельскага маладафронтаўца Андрэя Цянюту, з якім Дзмітрый знаёмы: з кім сябруе Андрэй, чым займаецца ў вольны час, і да т.п. Затым суразмоўца прапанаваў Дзмітрыю паведамляць інфармацыю аб дзейнасці арганізацыі ў КДБ, ад чаго хлопец адмовіўся.
Як ставіцца да гэтага А.Цянюта?
– Мы маем яшчэ адзін прыклад псіхалагічнага ўздзеяння на актыўнае юнацтва, улады хочуць “загасіць” хвалю маладзёвага супраціўлення аўтарытарнаму рэжыму.
Андрусь не выключае, што цяпер на Дзмітрыя Фяськова кіраўніцтва каледжа пачне ціск з мэтаю адлічэння з вучобы.
Дарэчы, спадарыня Сарвірава распрацавала “Метадычныя рэкамендацыі” па правах чалавека. У дакуменце адзначаецца: у навучэнцаў “з развітай прававой свядомасцю непарушнасць правоў і свабод чалавека глыбока засвоена, успрымаецца як штосьці натуральнае”. Сярод задач у рэкамендацыях названа “выхаванне пачуцця уласнай годнасці і ўсведамлення самакаштоўнасці асобы”.
Оставить комментарий