Главная » BY, Брестская, Экономика

Не шанцуе «Мэбляваным пакоям Арона Гольцмана»

10 февраля 2009 Комментариев нет

Чвэрць стагодзьдзя таму будынак былога публічнага дому ў Пінску быў зруйнаваны, на яго месцы з’явілася архітэктурная копія, і вось – зноў аварыйны стан. Божая кара? Атэісты, аднак, лічаць па-іншаму…

Даведнік «Пінск» 1932 году выданьня на польскай мове ўтрымлівае зьвесткі пра пяць публічных дамоў. Калі верыць колішняй рэкляме, «Мэбляваныя пакоі Арона Гольцмана» былі найбольш папулярныя ў тутэйшых валацугаў за спадніцамі. Утульны двухпавярховы домік арыгінальнай архітэктуры меў свой забаўляльны салён, вокны пад аркамі, зь двух бакоў балькончыкі, упрыгожаныя кованымі з мэталю ўзорамі. Уваходныя дзьверы таксама былі акаваныя, а дзьвярная клямка аформлена ў выглядзе птушынай галоўкі.

Відавочна, што на ўтрыманьні пакояў для спатканьняў спадар Гольцман меў прыбытак. Багата было і чутак пра разбэшчанасьці і вар’яцтва ў шыкоўным доміку. Яшчэ вядома, што ў апошнюю вайну немцы таксама прыстасоўвалі пінскі асабняк пад свой бардэль.

Словам, месца набыло сумную вядомасьць. На вулічным перакрыжаваньні ля яго часта здараліся аварыі. Нават гінулі людзі. У 1970-я ў сьценах будынку зьявіліся трэшчыны. У 1980-м аварыйны ўжо на той час асабняк вырашана было зьнесьці. Але тады і да Пінска дакацілася хваля заступніцтва за архітэктурнае аблічча мінуўшчыны.

Дырэктар камбіната будаўнічай індустрыі і ён жа міжнародны арбітар ФІДЭ Барыс Косьцін прапанаваў кампраміснае рашэньне: састарэлы дом Гольцмана разбурыць, а на яго месцы збудаваць такую ж копію. Гэта быў першы ў Пінску досьвед у рэгенэрацыі. А калі ў адноўленым асабняку адбылося адкрыцьцё першага на беларускім Палесьсі шахматнага клюбу, то пра домік ля плошчы Леніна раструбілі ўсе газэты Савецкага Саюза.

Дзеля справядлівасьці адзначу, што там займаліся адначасова амаль 100 дарослых і юных аматараў шахмат і шашак. Тут нават адбыўся паўфінал першынства СССР «Белая ладзьдзя» сярод моладзі, а ў 1993 годзе – Першы чэмпіянат сьвету па рускіх шашках. Гасьцямі клюбу былі экс-чэмпіёны сьвету Тыгран Петрасян, Міхаіл Таль, Барыс Спаскі.

Нядаўна шахматнаму клюбу ў Пінску споўнілася 25 гадоў. Юбілейных урачыстасьцяў не было. Двухпавярховы домік ля плошчы Леніна зноў трапіў у небясьпеку. Сьцены пабілі трэшчыны. Уся канструкцыя пагражае абвалам. Ва ўпраўленьні архітэктуры і горадабудаўніцтва Пінску зроблены дакумэнтальныя высновы, што разбурэньні – вынік ажыўленага транспартнага перакрыжаваньня. Пашкодзілі трываласьці таксама земляныя працы пры ўзьвядзеньні побач гандлёвага цэнтру «Піна».
Ёсьць у Пінску людзі, якія сурочаць гібель будынку ля плошчы Леніна. Просяць Божую кару за колішні разгул распусты на гэтым месцы.

Але пачакаем. Якраз цяпер зь Пінску прыйшло паведамленьне: аддзел адукацыі гарвыканкаму замовіў праект капітальнага рамонту. Геафізычныя дасьледаваньні робіць цяпер прыватная архітэктурная кампанія «Марс».

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram