Кветкі завянуць, а добрая справа застанецца
Усе госьці маладых пар, якія бралі шлюб 14 лютага ў Віцебскім ЗАГСе, прыходзілі на вясельле з цацкамі замест букетаў. І ўсе яны сталі падарункамі для дзіцячага дому. Гэтую пактыку мяркуецца пашыраць.
Незвычайную акцыю пад лёзунгам «Калі ты шчасьлівы – падзяліся шчасьцем зь іншымі» ініцыявалі валянтэры абласной арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа. Яны прыйшлі да адміністрацыі гарадзкога ЗАГСу з прапановай абвясьціць збор цацак для дзіцячага дому, дзе выхоўваюцца дзеткі з асаблівасьціямі псыхічнага разьвіцьця.
Распавядае старшыня абласнога аб’яднання Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава:
– І 14 лютага, у Дзень сьвятога Валянціна, 18 пар цягам дня ўзялі шлюб, і цацак для дзетак надарылі столькі, што яны нават не зьмясьціліся ў агромністы лазовы кошык, адмыслова замоўлены ў майстроў Цэнтру народных рамёстваў «Задзьвіньне»! Прычым цацкі прыносілі ня толькі на вясельлі: адзін малады бацька, які прыйшоў рэгістраваць нованароджанае дзіця, таксама прыйшоў з падарункамі. А ўвогуле мы б хацелі, каб такія дабрачынныя акцыі праходзілі ня толькі ў Дзень закаханых, а прынамсі чатыры разы на год – на Восьмае сакавіка, у Дзень маці, на Раство або Новы Год.
«Кветкі ўсё адно завянуць, а добрая справа застанецца», – прыкладна так казалі ўсе госьці, якія прыйшлі віншаваць сваіх маладых не з традыцыйнымі букетамі, а зь мяккімі цацкамі самых неверагодных колераў і памераў. Зрэшты, кветкі таксама былі – не пакідаць жа нявесту бяз гэтае радасьці! І мініяцюрнай Ірыне Хадкевіч давялося трымаць элегантны букецік белых ружаў і агромністага белага мядзьведзя…
– Па раскладзе мы былі апошняй парай, якая 14-га будзе рэгістраваць шлюб, – кажа 22-гадовая студэнтка І.Хадкевіч. – І калі менавіта нам прапанавалі адвезьці цацкі ў дзіцячы дом і там падарыць іх дзеткам, мы з Вадзімам пагадзіліся нават не вагаючыся! Нам хацелася, каб наша вясельле было адзначана чымсьці незвычайным, і яшчэ вельмі хацелася падзяліцца нашым каханьнем з тымі, каму яго бракуе.
Выхаванцы дзіцячага дому, мабыць, упершыню ў жыцьці бачылі сапраўдных жаніха і нявесту. Асабліва пашанцавала пяцігадоваму Мікіту – яму давялося запрасіць на танец дарослую прыгажуню ў белай вясельнай сукенцы. Таньчылі зь дзеткамі і госьці, якія прывезьлі цацкі. А потым усю дарогу назад згадвалі гэтыя трапяткія дотыкі і нясьмелыя позіркі тых, хто па волі лёсу з самага маленства аказаўся пазбаўлены сямейнай цеплыні – дарма што пераважная колькасьць запрошаных на вясельле ў самай блізкай будучыні стануць пэдагогамі, бо Ірына і Вадзім Хадкевічы сёлета сканчваюць Віцебскі дзяржаўны ўніверсытэт.
Наступным разам падарункі ад маладых у дзень іхнага вясельля будуць прымаць у іншай дзіцячай установе. Першая дабрачынная акцыя можа запачаткаваць добрую традыцыю – нічога падобнага, акрамя Віцебску, пакуль яшчэ нідзе не праводзілася.