Горкі супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы
Горацкія актывісты дапамаглі выпусьціць “Астравецкі весьнік”. Штуршком да гэтага стала асноўная цяперашняя праблема рэгіёну – пляны ўладаў пабудаваць там атамную электрастанцыю.
Тое і паяднала актывістаў: у Горках маюць досьвед ня толькі ў выпуску газэт, але таксама ў вядзеньні кампаніі супраць АЭС, якую пачаткова плянавалася збудаваць на ўсходзе краіны.
Рэдактар тыднёвіка “Горацкі выбар” Эдуард Брокараў зазначыў:
– Мы лічым, што праведзеныя ў Горках з канца 2006 году акцыі паўплывалі на рашэньне ўладаў, і ўрэшце кукшынаўскую пляцоўку памянялі на астравецкую. Хаця, канечне, радавацца тут асабліва няма чаму, але факт, што грамадзкасьць тут узьнялася, зьбіраліся подпісы, выходзіла мноства друкаваных інфармацыйных матэрыялаў. А вось на Астравеччыне такой актыўнасьці не было.
Цікава, што горацкія актывісты працягваюць збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС – маюць іх ужо больш за чатыры тысячы. Чаму такая праца не спыняецца? Спадар Брокараў патлумачыў: па-ранейшаму захоўваецца небясьпека, бо кіраўнік краіны яшчэ не падпісаў канчатковага рашэньня наконт астравецкай пляцоўкі, і ня выключана, што ўлады могуць вярнуцца назад да ўсходнебеларускай пляцоўкі.
– Таму мы стараемся не расслабляцца і працягваем інфармаваць людзей. Бо небясьпека застаецца. Так, у мінулыя выходныя былі ў Чавусах. Тут, зусім побач з намі, ня маюць альтэрнатыўнай інфармацыі, таму многія кажуць: добра, каб у нас пабудавалі АЭС, тады з працай будзе ў парадку, – патлумачыў Э.Брокараў.
Пакуль урад цалкам не адменіць сваё рашэньне, у Горках маюць намер інфармаваць людзей наконт АЭС. Спадар Брокараў, напрыклад, трэці раз выпускае ўласную брашуру “Міталёгія мірнага атаму”, дзе з дапамогай навукоўцаў вызначыў дванаццаць асноўных “аргумэнтаў” аб патрэбе і карысьці атамных станцый, што можна сустрэць у афіцыйнай прэсе. Гэтыя зьвесткі ён абвяргае даступнай нават для недасьведчанага чытача мовай.
да аэс это ж не страшно! пока она есть и мы есть. а если ее нет, то и нас уже нет…
Реклама от RedTram