Бізнэсовец абіраў ахвотных набыць амерыканскія машыны
Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да 28-гадовага віцебскага прадпрымальніка – прадстаўніка адной з расійскіх аўтафірм, што працавалі з ЗША.
Спачатку мужчына працаваў сумленна, а потым, калі стварыў сабе добрае імя сярод патэнцыйных кліентаў, вырашыў падправіць матэр’яльнае становішча.
Замест таго, каб па-ранейшаму аказваць кансультацыйныя паслугі, ён прапаноўваў людзям паскарэнне працэсу.
Дзеля гэтага нібыта трэба было ўсяго толькі не несці грошы ў банк, а разлічыцца з тым самым кансультантам гатоўкай. У выніку кліенты заставаліся і без аўтамабіля, і без грошай. Такім чынам махляр падмануў не менш дзесятка чалавек.
Крымінальная справа распачатая па факце прысваення ім 52 тысяч долараў, але праваахоўныя органы падазраюць прадпрымальніка ў тым, што той паклаў у кішэню яшчэ амаль 30 тысяч.