Еўрапейскі гуманітарны універсітэт прапануе навучанне ў Вільні
ЕГУ, які месціцца цяпер у літоўскай сталіцы, рыхтуецца да новага навучальнага году і запрашае на бакалаўрскую праграму «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія».
Бакалаўрская праграма «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» Еўрапейскага Гуманітарнага універсітэту (Вільня) распрацавана з улікам патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да выпускнікоў гістарычных факультэтаў універсітэтаў Еўропы. Яна дае грунтоўныя веды па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў галіне сацыяльнай, культурнай і гістарычнай антрапалогіі і іншых гуманітарных дысцыплін.
У праграме заняты вядомыя беларускія гісторыкі, якія паспяхова спалучаюць выкладанне і навуковую дзейнасць. Гэта стварае рэдкую магчымасць вывучаць гісторыю ў даследчыкаў, якія яе пішуць. Адпаведна, разам з традыцыйнымі курсамі (напр., «Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да канца 18 ст. » або «Палітычная гісторыя Еўропы») студэнты вывучаюць прадметы, якія адсутнічаюць у вучэбных праграмах большасці універсітэтаў Беларусі. У прыватнасці, гэта «Гісторыя штодзённасці», «Гісторыя Цэнтральна-Усходняй Еўропы», «Гендэрная гісторыя Беларусі», «Метадалогія і метады гістарычнага даследавання», «Культурная і сацыяльная антрапалогія», «Уводзіны ў біблістыку» ды інш.
Археалагічная, этнаграфічная і архіўная практыкі дазваляюць непасрэдна дакрануцца да старажытнай гісторыі і адчуць яе ўнікальнасць. Для многіх яны становяцца своеасаблівым «адкрыццём» Беларусі і Літвы.
Студэнтам прадстаўлена магчымасць жыць і вывучаць гісторыю ў горадзе, вуліцы якога памятаюць вялікага князя Гедыміна і першадрукара Францішка Скарыну, паэта Адама Міцкевіча і паўстанца Кастуся Каліноўскага, аўтараў тэкстаў «Нашай Нівы» і навучэнцаў знакамітай віленскай беларускай гімназіі.
У Вільні жывуць традыцыі поліэтнічнага Вялікага княства Літоўскага, дзе пераважаў дух нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці. Вільня – горад, у якім актыўна развівалася і развіваецца беларуская культура. Студэнты маюць магчымасць сустракацца з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і палітыкамі.
Ва універсітэце працуе навуковы гістарычны гурток імя Міколы Улашчыка, удзел у якім можа стаць добрай школай будучага даследчыка Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Адзін з прыярытэтаў гуртка – вывучэнне «беларускай Вільні», у тым ліку пошук магілы Каліноўскага, выяўленне рэдкіх гістарычных дакументаў, экспедыцыі па вуснай гісторыі (oral history).
Праграма «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» – гэта
• дыплом «бакалаўр гісторыі» еўрапейскага ўзору;
• грунтоўныя веды па беларускай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі, культурнай антрапалогіі, этналогіі, археалогіі;
• базавая гуманітарная адукацыя, якая дазволіць знайсці сваё месца на рынку працы або працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры;
• магчымасць вывучаць гісторыю не толькі па падручніках, але таксама па ўнікальных дакументах гістарычных архіваў і бібліятэк Літвы;
• удзел у навуковых экспедыцыях па этнаграфіі, археалогіі і гісторыі ў Літве і Беларусі;
• валоданне двума замежнымі мовамі і сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі;
• сустрэчы і кантакты з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і палітыкамі.
Выпускнікі праграмы змогуць працаваць навуковымі супрацоўнікамі музеяў, экскурсаводамі, выкладчыкамі гістарычных дысцыплін, выступаць у якасці экспертаў па праблемах гістарычнай спадчыны, праводзіць самастойныя даследаванні ў вобласці гістарычнай навукі або працягнуць навучанне ў магістратуры.
Праграма прапануецца як у дзённым, так і ў завочным фармаце.
Европейский гуманитарный университет