Дачакаліся афіцыйнай абвесткі: Магілёў загрыпаваў
Каб зразумець, што эпідэмія «прыйшла», медыцына спачатку зарэгістравала больш за чатыры з паловай тысячы захварэлых, 58,3 працэнта з якіх – дзеці і падлеткі.
Як заўжды, беларуская медыцына працуе не на папярэджанне захворванняў, а на іх лячэнне. Хаця самі дактары кажуць – танней папярэдзіць хваробу, чым затым ставіць чалавека на ногі.
Эпідэмію, канечне, чакалі. А што рабілі, каб яе папярэдзіць, зменшыць наступствы? Бадай, толькі рэгістравалі хворых, якіх з кожным днём станавілася ўсё больш і больш.
І вось вынік: ад 26 лютага за дапамогай з сімптомамі вострай рэсператарнай віруснай інфекцыі і грыпа кожны дзень насельніцтва Магілёва звярталася часцей, чым у тры разы за кантрольны узровень. А 3 сакавіка дапусцімы эпідэмічны парог быў перавышаны ў 5,2 раза. А гэта больш за 4 600 чалавек, 58,3 працэнта з якіх – дзеці і падлеткі.
І толькі цяпер пачалі варушыцца, «біць у набат» і лямантаваць: «Эпідэмія»!!!
З 4 сакавіка пастановай галоўнага дзяржаўнага санітранага ўрача Магілёва і Магілёўскага раёна Вячаслава Шуляка аб’яўлена эпідэмія грыпу і ўведзены ў дзеянне план супрацьгрыпавых мерапрыемстваў, сярод якіх медыцынскія пасты ў навучальных установах і на прадпрыемствах, абавязковае ужыванне павязак і інш. Усяго план уключае 15 пунктаў.
Вось толькі ці дапамогуць яны тым, хто ўжо захварэў, і тым, якія пачынаюць хварэць? І ці дапамогуць яны спыніць эпідэмію, калі столькі людзей ўжо падхапіла вірусную інфекцыю? І калі ўжо наша медыцына пачне працаваць на папярэджванне хваробаў? А то па тэлебачанні толькі і кажуць пра тое, што людзі прыходзяць за бюлетэнямі ды спраўкамі з перабольшанымі сімптомамі.