Главная » RU, Гомельская, Культура

Цяпер хто дзе: «Stokes» ў Маскве, Краўчанка ў Азіі, Дана ў Эміратах…

11 марта 2009 Комментариев нет

У розных кутках свету жывуць і працуюць цяпер беларускія музыкі, якія станавіліся “Адкрыццём года” на “каранацыях” розных часоў.

Знайсці некаторых “каранаваных” дэбютантаў апынулася не так проста: многія з іх ці жывуць за мяжою, ці хаваюцца ў палескіх лясах.

Пачнём па парадку. Дэбютам першай у гісторыі “Рок-каранацыі” ў 1994 годзе стаў гурт “Why Not”. Датэлефанавацца да лідэра калектыву Андрэ Краўчанкі нам не ўдалося. Але яго знаёмы Раман Арлоў распавёў, што Андрэ працуе ў бангладэшскай кампаніі Grameen Bank, якая займаецца мікракрэдытаванем. У 2006 годзе кампанія і яе стваральнік эканаміст Махамед Юнус атрымалі Нобелеўскую прэмію міру “за намаганні ў стварэнні асноваў сацыяльнага і эканамічнага развіцця”.

На пошукі “дэбюту” 1995-га года каманды “Парадокс” нам спатрэбілася некалькі дзён. Як аказалася, гурт існуе, а ягоныя песні, згодна са словамі лідэра Валерыя Жэленка, перамагаюць у хіт-парадах Ізраіля. Больш за тое, сёлета гурт збіраюцца выпусціць першы за апошнія 11 гадоў альбом.

Валеры Жэленок:

– Насамрэч музыкі працуюць, толькі ў розных краінах. З Эдзікам мы рыхтуем у гэтым годзе выпуск новага альбома. Мы ўдваіх і працуем.Наш апошні альбом выйшаў у 1998-м годзе, нас было толькі трое. Наш таварыш адзін ужо не можа працаваць, ён звар’яцеў, ён зачынены ў “псіхушцы”, таму некаторы час мы гэта перажывалі. Цяпер працуем. Думаю, людзі будуць прыемна здзіўлены нашай новай працай. Вынікі нядрэнныя: вось у Ізраіля адна наша песня была лепшай у мінулым годзе. Гэта і стала штуршком да працягу працы.

Валерый з радасцю ўспамінае сярэдзіну 1990-х, тусоўкі, канцэрты, весялосць, а Рок-каранацыі дзякуе толькі за знаёмства з гуртом “Rouble Zone”, з удзельнікамі якога дагэтуль падтрымлівае сяброўскія адносіны.

“Дэбютанты” Рок-каранацыі 1996-га года, тады гурт “The Stokes”, а цяпер проста “Stokes” дагэтуль радасна ствараюць песні. У апошні час калектыў жыве ў Маскве. Летась выдаў альбом “Не замерзай”, а цяпер запісвае песні на “Дуброўцы” пад кіраўніцтвам бас-гітарыста “Машины Времени” Аляксандра Куцікава і марыць заняць сваё месца ў расійскім шоў-бізе. На думку басіста гурта, Кірылы Сеніна, “каранаваны” дэбют адкрыў дарогу гурту ў тусоўку і даў магчымасць сыграць на добрай пляцоўцы.:

– Дэбют на Рок-каранацыі прынёс нам у першую чаргу ўсебеларускую вядомасць у рок-колах, гурт упершыню заявіў пра сябе на добрай пляцоўцы, і ўвайшоў у тусоўку.

Гурт – дэбютант Рок-каранацыі-97 “Thank You Jesus” у якасці ўзнагароды атрымаў дыплом і магчымасць запісаць кліп, які можна паглядзець на ўласным сайце музыкі. Таксама, па словах лідэра калектыву Ўлада Благуша, музыкам падаравалі фотаапарат:

– Нам абяцалі тады зняць бясплатны кліп. Ёсць у нас кліп. Можна зайсці на сайт і паглядзець там яго, калі вам цікава. У нас быў спонсар, таму, калі шчыра, я не памятаю, здаецца, у нас была грамата і нейкія прызы, фотаапарат”.

У 2002-м годзе ў сувязі з ад’ездам у Амерыку бубнача, гурт “Thank You Jesus” перастаў існаваць.

Маладзечанскі гурт “Happy Face”, які быў “Адкрыццём года” ў 1998 годзе, пасля чаго бліскуча выступаў на розных фестывалях, у тым ліку і на “Басовішчы”, даўно не з’яўляецца на публіцы і не радуе новымі альбомамі. Аднак, як высветлілася, неўзабаве гурт збіраецца адрадзіцца. Па словах прадзюсера “Happy Face” Генадзя Сыракваша, цяпер музыкі плануюць запісаць некалькі песень:

– У нас зараз чарговы творчы пад’ём, у бліжэйшы час мы плануем запісаць адну-дзве новыя песні, збіраецца новы склад, хоць асноўны касцяк музыкаў застанецца: Жэка, Ваня-гітарыст, з таго старога, легендарнага складу”.

“Рок-каранацыя-99” падарыла беларускай музыцы адразу два перспектыўныя гурты. Лідэра каманды “Exist” Юрася “Хобіта” Купрашова мы знайшлі ў паўднёваафрыканскім Кейптаўне, калі ён накіроўваўся ў басейн. У Афрыцы +38! Юрась збіраецца калі-небудзь вярнуцца на радзіму, з музыкай ён “завязаў”, аднак некаторае дачыненне да музычных інструментаў усё ж такі мае:

– У мяне свой бізнес: я прадаю музычныя інструменты, а таксама тушу пажары. Не, музыкай не займаюся. Збіраюся вярнуцца ў Беларусь, але, што тычыцца вяртання да музыкі — ў гэтым вялікае пытанне.

А вось яшчэ адзін колішні ўдзельнік “Exist” Эндру Восіпчык працягвае музычную кар’еру. Ён паспеў пайграць у гуртах “Long Play”, “Parason”, а цяпер выступае ў складзе “Разбітага сэрца пацана”.

Другі дэбют 99-га года, гурт ТТ-34, працягвае сваё ўрачыстае шэсце дарогах беларускага і расійскага шоў-бізнеса: выпуск альбомаў, саўндтрэкі да фільмаў, дуэт з Сярогам, сыход аднаго з вакалістаў – некаторыя звесткі з іх славутай біяграфіі. Рок-каранацыю хлопцы лічаць “фількінай граматай” і жартуюць на гэты конт. Саму “карону” музыкі недзе згубілі і шукаць яе не збіраюцца: не залатая.

ТТ-34:

– Спачатку з яе пілі-пілі, а потым яе недзе пасеялі. Ні кароны, нічога ў жыцці не засталося… Навошта трывожыць нашы ўнутраныя органы ўсялякай хрустальнай лабудой? Разумею, калі б яна была з “брылікамі” ці розным залацішкам…А так, толку ад яе, як ад казла малака…

“Без Билета”, дэбютант 2000-га года, у дадзены момант рыхтуецца да канцэрту 29-га сакавіка пад назвай “Хіты і рэпетыцыя альбома”. З ім і так усё зразумела.

Каранацыя 2001-га года прынесла камандзе «Impatt» адразу дзве ўзнагароды. Калектыў быў прызнаны дэбютам года, а яго вакалістка, Дана, рок-князёўнай. Цяпер Дана ў арабскіх эміратах. У складзе беларускага гурта “Doktor Jack” яна выконвае сусветныя рок-хіты. Пасля “дэбюту” Impatt разваліўся, аднак Дана захоўвае “карону” у таемным сейфе і з радасцю ўспамінае пра шампанскае, выпітае з яе ў знак перамогі:

– Карона захоўваецца ў таемным сейфе (смяецца). Я нават з яе шампанскага паспела выпіць, так сказаць, замачыць перамогу.

Адкрыццём “каранацыі” 2002-га года стаў гурт “Куклы”, які нядаўна святкаваў чарговае “…-годдзе” і выпусціў альбом “Кайф”. Лідэр калектыву Сяргей Дубовік лічыць “Рок-каранацыю” музычнай падзеяй нумар адзін у Беларусі, а “дэбютантскую” карону — сімвалам упэўненасці і прызнання:

– Гэта было для нас нечакана і вельмі прыемна, таму што ўсё-такі “Рок-каранацыя” – гэта дастаткова ўплывовае мерапрыемства, і прызнанне з боку крытыкаў такога ўзроўню нашага гурта, нашых музычных твораў, таго, што мы рабілі і робім, надало нам упэўненасці ў сваіх сілах…

У 2003 годзе “Рок-каранацыі” не было. У лютым 2006 года кароны раздалі адразу за два гады — 2004-ы і 2005-ы. Дэбютам тады прызналі гурт “Tav.Mauzer”. Лідэр-вакаліст калектыву Янка Маўзер адгукаецца пра ўзнагароду спакойна, без лішніх эмоцый. На яго думку, падзея не прынесла гурту нейкіх асаблівых дывідэндаў:

– Як яшчэ тады “Таварышу Маўзеру” не ведаю, што прынесла “Рок-каранацыя” ўвогуле. Нам тады было не вельмі файна выступаць. Нам зусім не спадабалася. Так, былі дэбютам года, потым яшчэ я быў выканаўцам года асабіста ў наступным годзе. Гэта канешне, усё прыемна, і ў мяне гэты дыплом стаіць у зале на такім бачным месцы. Недзе ёсць карона, не ведаю толькі, дзе яна. Недзе згубілася.

Дэбютам мінулага года “каранаванае” журы прызнала гурт “ДетиДетей». Сёлета гурт намінаваны адразу ў некалькіх намінацыях на Рок-каранацыі. Ходзяць чуткі, што Ганна Хітрык 14-га сакавіка атрымае тытул рок-князёўны.

Таксама вядомы і дэбют 2008-га года. Наведвальнікі “Тузіну гітоў” аддалі свае галасы маладому мінскаму гурту “ESPRIT”.

Нагадаем, цырымонія ўручэння рок-карон адбудзецца 14-га сакавіка ў Маладзечанскім Доме культуры.

Еўрарадыё

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram