Продаж новых аўтамабіляў у Беларусі знізіўся на 20 адсоткаў
Затое цяпер можна набыць амаль новую машыну на пяць-шэсць тысяч долараў танней. У краіне чакаецца наплыў “крэдытных аўто”.
З пачаткам крызісу ў Беларусі знізіўся попыт як на новыя, так і на ўжываныя аўто. Выпускаючы рэдактар газеты “Аўтабізнес”, эксперт аўтарынку Сяргей Міхайлаў распавёў, што крызіс моцна ўдарыў па аўтарынку:
– Агулам наступствы гэтак званага крызісу праяўляюцца аднолькава нават ў нас. Аднолькава ва ўсіх краінах. І натуральна, што з падаражаннем крэдытных рэсурсаў і згортваннем крэдытавання продаж новых аўтамабіляў зніжаецца.
Па словах эксперта, па выніках першых двух месяцаў новага года продажы новых аўто скараціліся на 20 адсоткаў. На другасным рынку сітуацыя падобная. Толькі продаж скараціўся па іншых прычынах: прадаўцы чакаюць павышэння коштаў, а пакупнікі – зніжэння. Пры гэтым кошты на машыны застаюцца амаль на ранейшым узроўні.
– Па выніках першых двух месяцаў зніжэнне продажу новых аўтамабіляў дасягае 20 адсоткаў. На другасным рынку пакуль раўнавага назіраецца, бо ўсе занялі пазіцыю чакання.
Будучыня беларускага аўтарынку, на думку спадара Міхайлава, залежыць ад таго якую пазіцыю зойме ўрад.
– Што адбудзецца на самой справе – залежыць ад стратэгіі і тактыкі нашага ўраду – якія ён будзе прымаць захады, скіраваныя на стымуляванне ўнутранага попыту, ці будуць уведзеныя нейкія абмежавальныя пошліны, альбо наадварот прымецца хваля патаннелых аўтамабіляў.
З надыходам фінансавага крызісу на аўтарынку склалася і новая для Беларусі тэндэнцыя. На другасным рынку пачалі з’яўляцца так званыя “крэдытныя аўто”. Гэтыя машыны беларусы купілі на банкаўскія крэдыты, а цяпер не могуць іх выплачваць і вымушаныя свае аўто прадаваць.
– Усе чакаюць наплыву крэдытных аўтамабіляў, якія трапяць на другасны рынак з-за немагчымасці выплаціць крэдыт… Пакуль казаць пра значную іх колькасць не прыходзіцца, у адрозненне ад Украіны, дзе вельмі шмат іх з’явілася. То бок там гэтая сітуацыя на некалькі месяцаў раней пачалася, таму Ўкраіна наперадзе.
Тым не менш, “крэдытныя аўто” ўсё часцеў выстаўляюцца на продаж. Да прыкладу, адзін з мінскіх прадпрымальнікаў Максім распавёў Еўрарадыё, што набыў “Фольксваген пасат”, ужываны ўсяго 2 месяцы, за 21 тысячу долараў. Новым гэты аўтамабіль пакупалі за 27 тысяч долараў. Былы гаспадар браў крэдыт, але зразумеў, што не здолее разлічыцца, таму вырашыў прадаваць машыну. Па словах прадпрымальніка, на беларускіх сайтах перыядычна з’яўляюцца аб’явы, у якіх прадаўцы абяцаюць аддаць свае амаль новыя машына ў замен на пагашэнне крэдыту.
Між тым, па ацэнках аналітыкаў, на рынку неўзабаве могуць з’явіцца і аўтамабілі, якія банкі канфіскуюць за нявыплачаны крэдыт…