Апошні невядомы горад Еўропы: ячшэ адна звестка
Светлагорскі краязнаўца Вадзім Болбас выявіў новую инфармацыю, якая паццвярджае, што Казімір быў разбураны ў 1655 годзе.
Гэты апошні невядомы горад Еўропы, як яго назвалі журналісты, існаваў на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.
Казімір быў заснаваны ў 1643 г. і меў магдэбугскае права. Архіўны дакумент пра яго знайшоў мінскі прафесар Сяргей Рассадзін у 2001 г. Цяпер на месцы былога горада – Каралеўская Слабада, вёска. Але да якога часу яна была горадам?
Спачатку С. Рассадзін меркаваў, што Казімір быў разбураны ў 1654 годзе. Тады Маскоўская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай, і палкоўнік Іван Залатарэнка, які знаходзіўся на службе ў маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, паведаміў цару: яго войскі захапілі Речыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў і Горваль.
А ў 2006 г. светлагорскія краязнаўцы звярнулі ўвагу на данясенне І.Залатарэнкі ад 9 сакавіка 1655г., таксама цару. Залатарэнка даклаў, што да 1 сакавіка яго падначаленыя, якіх «пасылалі да Бабруйска і да Каралеўскай Слабады…, прыйшоўшы да тых гарадоў, іх узялі…, а гарады абодва поўнасцю спалілі…» На меркаванне С. Рассадзіна, азначэнне «горад» у дачыненні да Каралеўскай Слабады паццвярджае, што гаворка ідзе менавіта пра Казімір.
Можна меркаваць, што Залатарэнка падаваў даты па юліанскаму календару, які выкарыстоўваўся ў Масковіі. У ХVII ст. яго розніца з грыгарыянскім стылем складала 10 дзён.
І вось цяпер В. Болбас, сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, знайшоў яшчэ адну згадку аб часе разбурэння – у працы польскага гісторыка К.Бабятынскага «Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654 – 1655 гг.) «. Гэты твор змешчаны летась у беларускім часопісу «Архэ».
– Конрад Бабятынскі выкарыстоўвае мемуары, якія напісаў Мацей Форбек-Летаў, лекар караля Рэчы Паспалітай. Сярод іншага лекар піша, што войскі Залатарэнкі спалілі Бабруйск і Каралеўскую Слабаду 22 сакавіка 1655 года. Відавочна, што і тут пад назвай Каралеўская Слабада гаворка ідзе аб Казіміры, – гаворыць Вадзім Болбас. Мемуары «Скарбніца памяці» былі апублікаваныя ў польскім горадзе Ўроцлаў у 1968 г.
У Рэчы Паспалітай у час тых падзеяў ужо карысталіся грыгарыянскім календаром. Такім чынам, зараз ёсць дзве версіі аб даце разбурэння Казіміра: да 11 сакавіка альбо 22 сакавіка. Але абодзве яны супадаюць у тым, што горад існаваў да 1655 г ода.