Што азначае “боскі” штраф – мір ці вайну з Саюзам палякаў?
17 сакавіка гарадзенца Андрэя Пачобута аштрафавалі на 525 тысяч рублёў, хаця маглі даць і арышт. Яго пакаралі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
Андрэй Пачобут – адзін з самых актыўных удзельнікаў арганізацыі польскай меншасьці, якой кіруе Анжаліка Борыс. Гэтую арганізацыю беларускія ўлады ня хочуць прызнаваць.
17-га ён атрымаў “боскі” штраф, хаця маглі даць і арышт, – зазначыла судзьдзя Натальля Козел. За што ж яго пакаралі? За ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які адбыўся два месяцы таму ў зімовы дзень каля Дома польскага ў Горадні.
Сёньня – апошні дзень дзеяньня міліцэйскіх пратаколаў на Пачобута і ягоных паплечнікаў, Ігара Банцара і Мечыслава Яскевіча. Такім чынам, пацярпеў толькі першы зь іх.
Дык ці азначае гэта, што ўлады нарэшце паслабілі ціск на сябраў незарэгістраванага СПБ і адзін штраф – толькі дзеля захаваньня гонару мундзіру? Аднак пэсымісты лічаць: вэртыкаль не памяняла і не памяняе свайго стаўленьня да тых беларускіх палякаў, якія аднойчы праявілі “непаслухмянства” і не скарыліся, бо ўлады прызвычаеныя толькі закручваць гайкі.
Нагадаем, што пратаколы на трох актывістаў польскага руху зьявіліся толькі 4 сакавіка – напярэдадні чарговага зьезду арганізацыі. Гэтыя людзі якраз займаліся яго падрыхтоўкай. Пратаколы супраць сябе ўспрынялі як жаданьне ўладаў арыштаваць іх, адарваць ад удзелу ў зьезьдзе. Аднак ціск польскага боку прывёў да таго, што ўлады ня сталі даводзіць справу да суду, пакуль не адбыўся зьезд. Мала таго, яны не перашкаджалі яго правядзеньню ў Горадні, хаця “прытармазілі” некаторых дэлегатаў зь іншых беларускіх гарадоў.
Усіх сябраў арганізацыі Анжалікі Борыс цікавіць: што будзе далей, ці зарэгіструюць СПБ? Адказ на гэтае пытаньне вядомы ў Беларусі толькі аднаму чалавеку, мяркуюць яны.