Жыццё на калясках: звычайна-незвычайны дуэт
Гісторыя аднаго каханння. Яна – паэтка і настаўніца. Ён – спартовец і майстар на ўсе рукі. А разам яны – рэдкая, непаўторная сям’я.
Галіна Каспяровіч
Брэстчына. Ляхавіцкі раён. Вёска Крывошын вызначаецца сваімі прыгожымі краявідамі і наяўнасцю тут абласнога псіханеўралагічнага дыспансера.
У Крывошынскай сярэдняй школе не было пандуса, але на працягу некалькіх год вучні насілі сваю маладую ды ўсмешлівую настаўніцу Галіну Фёдараўну на руках. Разам з яе каляскай. Праз усе прыступкі. Утрымлівалі. Праўда, гэта не ўтрымала маладую дзяўчыну ў школе ў ролі выключна настаўніцы беларускай мовы і літаратуры…
Вясковая дзяўчынка трынаццаці год… Школа. Сябры. Захапленні. Звычайнае жыццё беларускага падлетка! І так нечакана-раптоўна ўсё змянілася на колер бальнічных сцен інстытута траўматалогіі. Аўтааварыя. Пералом пазваночніка. Аперацыі-аперацыі-аперацыі. Жыццё выратавалі. Была надзея, што спінны мозг адновіцца і Галя зможа хадзіць – надзея, на жаль, не спраўдзілася. Жыццё спынілася на нейкі пакутны момант, а потым пайшло далей – па вызначанай лёсам траекторыі. Траекторыі падзей і надзей. Спадзяванняў і расчараванняў. Здзяйсненняў і мараў.
Школа – дома. Настаўнікі – падручнікі – кнігі. 11-ы клас – пошук сябе, выбар прафесіі. Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка (факультэт беларускай філалогіі і культуры). Прыступкі-прыступачкі. Поўная адсутнасць пандусаў. Цікавыя выкладчыкі. Сябры-студэнты, якія заўжды дапамагалі з перамяшчэннем і неабходнымі канспектамі.
Кожны прыезд на сэсію (аўтобус-цягнік-вакзал-інтэрнат-alma mater) – агромністая праблема, якая тым не менш паспяхова вырашалася на працягу пяці год. Чаго гэта каштавала Галіне і яе бацькам – тэма асобная. Нарэшце, дыплом! Настаўніца… Яна вярнулася ў сваю школу ўжо у ролі педагога. Распачаўся новы віток.
Алег Зыранаў
Саянагорск. Халодны горад у Краснаярскім краі. Алежка нарадзіўся далёка ад Беларусі, але ўжо ў пяць год вярнуўся з мамай на радзіму. Зноўку Брэстчына. Школа. Сябры. Вучэльня. Армія. Траўма… Высокая ампутацыя ног. Каляска.
Так атрымалася, што менавіта пасля траўмы Алег знайшоў сябе ў спорце. Трапіўшы ў Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў (Калодзішчы каля Менска), пачаў займацца танцамі на калясцы (дуа, гэта значыць, два партнёры на калясках). Вынікі ёсць! Стабільна першае месца на чэмпіянаце Беларусі. Пятае месца на чэмпіянаце Еўропы, пятае – на кубку свету ў Галандыі, чацьвертае – на чэмпіянаце свету-2008.
Спорт дае магчымасць папрацаваць і пабачыць свет, праўда, апошняе – пад пытаннем. Практычна ўсе спартоўцы бачаць новую краіну выключна праз шкло аўтобуса. Аэрапорт – спаборніцтвы – аэрапорт… Алег спадзяецца, што яшчэ паспее добра разгледзець і Польшчу, і Галандыю, і другія краіны. У любым выпадку, ён заўжды паспявае набыць цікавы сувенір, каб прывезці дадому – для Галі.
Алег і Галіна
Алег з Галяй пазнаёміліся ва ўжо вядомым Рэспубліканскім цэнтры рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў у Калодзішчах, дзе людзі вучацца жыць нанава пасля траўмы, знаходзяць новых сяброў, а хтосьці – каханне.
Чарговыя «танцавальныя» зборы. Новыя сустрэчы. Маладыя людзі спадабаліся адно аднаму і… Пачалі сустракацца і пасля збораў. Праз нейкі час вырашылі пажыць разам. А 15 ліпеня 2006 года згулялі вяселле.
У любой маладой сям’і напачатку шмат цяжкасцей эмацыйнага і фінансавага плану. Праблемы са здароўем ускладняюць усе гэтыя рэчы, але сям’я Зыранавых мужна змагаецца і пераадольвае іх. То спакойна і рашуча, дзякуючы Алегавай вытрымцы, то эмацыйна і з надрывам: праяўляецца Галіна творча-паэтычнае «я». Галоўнае – пастаўленыя задачы вырашаюцца!
Родныя дапамаглі набыць двухпакаёвую кватэру ў доме каля школы, якая патрабавала капітальнага рамонту, што і было зроблена. Паступова. Самастойна. У асноўным, моцнымі Алегавымі рукамі. Тут усё ўтульна і прадумана: веранда і пандус на ўваходзе, шырокія дзверы, зручная мэбля. Кухня, шафа, кампутарны стол… Дызайн і выкананне – гаспадара.
Галя з Алегам даволі часта прымаюць гасцей у сваёй невялікай утульнай кватэрцы і самі перыядычна выбіраюцца ў далёкія-блізкія падарожжы па Беларусі на сваім опелі з ручным кіраваннем.
Жыццё хутка бяжыць наперад… Алег рамантуе-ўдасканальвае машыну, цікавіцца кампутарам, актыўна займаецца спортам, прычым не абмяжоўваецца танцамі: спрабуе сябе ў тэнісе, штурханні ядра, пад’ёме цяжкасцей. Галіна адмовілася ад урокаў ў школе: складана дабірацца ў клас на калясцы ў любое надвор’е, але яе папрасілі не сыходзіць канчаткова – засталося некалькі гадзін лінгвістычна-краязнаўчага гуртка і літаратурна-этнаграфічнага музея. Маладая настаўніца цікавіцца антрапанімікай, піша сцэнарыі для некаторых школьных мерапрыемстваў і пры неабходнасці дапамагае ўсім жадаючым спасцігаць беларускую мову, адольваць шматлікія мовазнаўчыя цяжкасці-цікавосткі. Хоча больш сур’ёзна займацца мовамі (самастойна вывучае англійскую), цікавіцца журналістыкай, чытае шмат літаратуры па псіхалогіі і самаўдасканаленню, пры тым сама заўжды размаўляе па-беларуску. Думаецца, гэта лепшы піяр мовы!
Яны розныя, як неба і зямля. Самы просты прыклад, што гэта падкрэслівае – заняткі па жыцці. Рыбалка Алега, Галіны вершы… Спакойны і нешматслоўны, экспрэсіўная і гаваркая. Яны разам. Яны моцныя. Яны сям’я – і гэта галоўнае.
Замест пастскрыптуму. Галін верш
Тое, што Табой завецца –
Ледзь улоўнае, хоць і блізкае:
То сьняжком завейна ўецца,
То маланкай сьлепіць-бліскае.
Тое, што Табой завецца –
Роўна ўзьнёслае і нізкае
І арлом аб скалы б’ецца,
І вужом на камні сьлізгае.
Тое, што Табой завецца –
Жыцьцярадасна-сьмертаноснае:
З мёдам горыч страты п’ецца,
Боль мінае… Разам з вёснамі.
Тое, што Табой завецца –
Летуценьнямі сагрэтае.
Толькі… што Табой завецца?
Недасяжнае. Несустрэтае…