У былой кавярні «Тры парася» адчынілі… храм Кірылы Тураўскага!
Светлагорскія чыноўнік і камерсант, якіх абвінавацілі некалі ў махлярстве з гэтым будныкам, яшчэ адбываюць пакаранне. Дык па кім б’юць праваслаўныя званы?
Драўляная пабудова былой дзіцячай кавярні стаіць на тэрыторыі таксама былога парку культуры і адпачынку. Пасля таго, як з-за недахопу фінансаў там былі дэмантаваныя атракцыёны, хадзіць сюды з дзецьмі мясцовыя людзі перасталі.
«Тры парася» знаходзіліся на балансе раённага жыллёва-камунальнага прадпрыемства «Светач». У сакавіку 2007 года суд прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўлення волі Віктара Чарняўскага, якога прызналі вінаватым у тым, што з’яўляючыся намеснікам гендырэктара «Светачы», атрымаў хабар.
Грошы прадназначаліся за станоўчае вырашэнне пытання аб арэндзе і наступным выкупе кавярні. Прадпрымальніка Валерыя Бараноўскага, які быў прызнаны вінаватым у перадачы грошаў, асудзілі на два гады. У судзе В.Чарняўскі сваёй віны не прызнаў, а В.Бараноўскі пагадзіўся толькі з асобнымі эпізодамі абвінавачвання.
Урэшце мясцовая ўлада вырашыла перадаць «праблемную» пабудову царкве. На адкрыццё быў запрошаны архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх. Храм назвалі ў гонар Кірылы Тураўскага, біскупа Тураўскай епархіі ў ХІІ стагоддзі. Мяркуецца, што з цягам часу тут будзе ўзведзены вялікі будынак, які зойме месца былога атракцыёна «Вясёлыя горкі».