Главная » BY, Гродненская, Культура

У Горадні самую старую кіназалю зрабілі VIP-кінатэатрам. Каб піць прама падчас сеансу

24 марта 2009 Комментариев нет

Дрэва, мэталь, граніт-мармур у інтэр’еры кінатэатра «Чырвоная зорка», уся яго рэканструкцыя каштавала – цяжка нават паверыць – мільён даляраў.

Удакладнім: перад дэнамінацыяй рубля, бо якраз да гэтага часу яна й была збольшага ажыцьцёўлена. А, між іншым, кінатэатар гэты быў самым малым у горадзе над Нёманам. Дзіва што, калі яго пабудавалі ў 1914 годзе, карацей ён быў і самым першым. Сёньня нагадвае інтэр’ерам, ня ведаю, дарагі рэстаран, начны клюб, казіно альбо хай вельмі прэстыжны тэатар замежны.

Начальства ганарыцца: такога больш нідзе няма ў Рэспубліцы Беларусь. І ў гэта верыш, не вагаючыся. «Чырвоную зорку» нарэшце адкрылі пасьля доўгай пераробкі. Запрошана было начальства, журналістаў амаль не было, большасьць зь іх пастаралася наведаць будынак загадзя, каб –хто хутчэй – расьпісаць усе яго вартасьці.

А дарэмна! Адкрыцьцё было наладжана вельмі цікава: на ўваходзе, на лесьвіцы, у дзьвярах кіназалі, паўсюль стаялі маўклівыя дзяўчыны-Чарлі Чапліны, з сумнымі белымі тварамі, часам яны рухаліся, паказваючы элемэнтарную пантаміму, але вельмі дарэчы. Яны нагадвалі сваёй прысутнасьцю, што самым папулярным акторам усіх часоў быў комік нямога кіно Чаплін. Дарэчы, былі і некалькі хлопцаў, загрыміраваных пад Чарлі, але дзяўчыны, як ні дзіўна, нагадвалі яго больш.

Яшчэ на месцы падзеі апынуўся ў падобнай апратцы, у кацялку жанглёр, які паказваў сваё майстэрства. Хаця побач было толькі малое дзіця, публіка не зважала на яго, імкнулася ў залю. А я падышоў і загаварыў. Ён сказаў, што тут асобна ад дзяўчатаў, сам па сабе. Праўда, паправіў: «Гэта не кацялок, а капялюш для жангліраваньня». Дзе ён яшчэ выступае? А паўсюль – і на вуліцы таксама. На вуліцы? Я ні разу ня бачыў. Міліцыя не праганяе? «Не, а за што? «, – адказаў ён. «А грошы мінакі даюць, капялюш вы на тратуар дагары нагамі кладзеце?» «Не, не кладу. Я карыстаюся аднаколавым роварам і адначасова жанглірую, прычым тут грошы? Дзіўныя пытаньні вы задаеце». Вось так мы паразмаўлялі.

А тым часам у кіназалі публіка сядзела, нібы ў кавярні – у вялікіх чорных скураных фатэлях за высокімі столікамі з напоямі. Можна сказаць, цяпер гэта кінатэатар-бар, бо менавіта з другога паверху з бару гледачам абяцаюць прыносіць напоі падчас сэансу.

Дарэчы, паміж сабой, я чуў, людзі абмяркоўвалі – наколькі апраўдана было купляць такія дарагія і з тонкай скуры фатэлі, для нашай публікі парэзаць іх, папсаваць – звычайная справа. Квіткі на сэансы, дарэчы, будуць каштаваць у сярэднім дзесяць тысяч рублёў, але ж гэта ня можа гарантаваць, што той, хто іх набудзе, акажацца абавязкова акуратным чалавекам.

Гісторыя такой дарагой рэканструкцыі «Чырвонай зоркі» наступная: пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году першага намесьніка старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі Сяргея Анішчыка зьнянацку перавялі на другарадную пасаду. Яго паслалі кіраваць кінавідэапракатам, праўда абласным. Ён, напэўна, зьніякавеў, але трэба было нечым заняцца грунтоўным, вось і пачаў перабудову «Чырвонай зоркі», побач зь якой ягоны офіс. У падворку спадар Анішчык паабяцаў зрабіць летнюю кавярню з пляцоўкай для джаз-канцэртаў, яна ўжо ёсьць.

Напэўна разьлік быў слушным: калі рэканструкцыя практычна заканчвалася, Анішчыка ўзялі на падвышэньне – у аблвыканкам, на працу, ніяк не зьвязаную з кіно і нават з барамі і кавярнямі.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram