Выйсце адно: мужыкі мусяць мыцца разам з кабетамі
У ганцавіцкім аграгарадку «Раздзялавічы» баню топяць раз на месяц, хоць сацыяльны стандарт патрабуе зусім іншага. Аднак камунгас папросту плюнуў на тое.
Грамадзкая думка і патрэбнасьці аграгараджанаў камунальшчыкаў не цікавяць. Не баяцца яны і кантролю выканкаму.
І вось раз на месяц у адну суботу лазню ладзяць для жанчын, у другую – для мужчынаў.
Пратэсты людзей адхіляюцца. Контраргумэнтацыя ЖКГ простая: навошта нам працаваць ва ўрон сабе – лазня стратная, малавата народу, тут жа гарадаок, а ня горад.
Дарэчы, да 2008 году, пакуль вёска Раздзялавічы не стала аграгарадком, у лазні было два аддзяленні і людзі мыліся там раз на тыдзень.
Цяпер сяляне даведваюцца пра «чыстую суботу» з абвестак. Адзін з раздзялаўцаў выступіў з прапановай: каб зрабіць лазню прыбытковай і мець магчымасць мыцца часцей, мужчынам і жанчынам трэба мыцца супольна.
Уласную ванную ў Раздзялавічах, як даведаўся карэспандэнт Еўрарадыё, маюць толькі тыя, хто жыве ў шматкватэрніках.
Жыхары хат мыюцца ў тазіках і начоўках.
…А на вуліцы дваццаць першае стагоддзе разгон набірае…