Беларуская «кухня»: скарочаны працоўны тыдзень – два-чатыры дні. А «сярэднія» за іх грошы выводзяцца як за ўсе пяць… Падман!
Сёння на Гарадзеншчыне каля дзвюх тысяч малых і вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. І паўсюль – змяншэнне выпуску прадукцыі ды аб’ёмаў продажу, скарачэньні. Атрымліваюць жа, кажа статыстыка, практычна як і раней.
Што за дзівосы такія? Дзе гэта ў нас людзі так нажываюцца на крызісе, што ў сярэднім нічога не мяняецца?
Прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюза на Гродзеншчыне Анатоль Хацько патлумачыў гэтыя хітрыкі: статыстыка выводзіцца зараз з колькасці рэальна адпрацаваных дзён за месяц, то бок фактычна размова не пра сярэднямесячны заробак!
Вось тлумачэнне, так бы мовіць, «на пальцах”: калі рабочы працаваў два дні на тыдзень, то гэты сярэдні двухдзённы памнажаецца на пяць і выдаецца як тыднёвы… А за ім і гэтаксама надуты месячны заробай. Па статыстыцы – як і раней маем, а ў жыцці даводзіцца класці зубы на паліцу.
Насельніцтва праз статыстыку начальнікі дураць, але выдатна разумеюць – хутка падман стане відавочным нават для самых эканамічна цёмных, і тады…
Каб тое «тады» адцягнуць надалей у спадзеве на нейкі цуд, кіраўніцтва Гарадзеншчыны абавязала дзеля канцэнтрацыі фінансавых сродкаў не пачынаць ніякіх рэканструкцый і рэстаўрацый і, па магчымасці, іх прыпыніць і не праводзіць.
Адначасова дзеля выратавання ўсё таго ж «дутага» сярэдняга заробку актыўна праводзіцца палітыка так званага «ціхага» звальнення – чым менш людзей, тым «сярэдні» зноў жа вышэй.
Чыноўнікі могуць гэты аргумент парыраваць: маўляў, гляньце на біржы працы – нямашака народу!
Зноў такі падман: а хто туды асабліва пабяжыць – хіба там шмат нармальных вакансій? Вось і цягнуцца звольнены люд у скрытныя сектары эканомікі.
Тым часам Людміла Крэз, намеснік кіраўніка аддзела працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Гарадзенскага аблвыканкама, дырэктар цэнтра занятасці аптымістычна сведчыць: колькасць шукальнікаў працы нават зменшылася ў параўнанні з мінулым годам.
Але гэта – проста хітрыкі. Людзі ў працаўладкаванні спадзяюцца ў асноўным на сябе.
Толькі з завода аўтаматычных агрэгатаў, які ў мінулым годзе стаў структурным падраздзяленнем «Белкарда», за апошнія месяцы звольнілася каля 60 рабочых, бо маюць ўсяго па 200-300 тысяч. Прычым калі раней высокакваліфікаваных станочнікаў, токараў, фрэзероўшчыкаў хіба ці не сілком утрымлівалі на прадпрыемстве, то цяпер да звальнення кіраўнікі адносяцца, як ад збаўлення галаўнога болю.
У гэтай сітуацыі дзіўна іншае: нават звольненыя і прадастаўленыя самім сабе людзі адмаўляюцца казаць пра рэальны стан на прадпрыемствах. Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу патлумачыў і гэта: існуе інфармацыйны, так бы мовіць, абмен паміж начальствам – калі чалавек нешта скажа ў адрас кіраўніцтва ранейшага завода, гэта адразу стане вядома на тым, куды ён хоча ўладкавацца. У выніку шанцаў на ўладкаванне «пратэстантам» ніякіх. А ў многіх яшчэ і жанкі працуюць побач – вось і маўчаць, не кпяць з «сярэдняга» свайго заробку, а ў выніку ствараюць ілюзію, што ён – не надзьмуты, а рэальны.
Аднак як бы ні хавалі чыноўнікі спраўдны стан вытворчасці, імітываць аптымізм хутка будзе немагчыма. Ужо пачалася масавая затрымка заробку, а пасля яе прыйдзе час нявыплат.