Главная » BY, Актуально, Витебская, Политика

Вядомую ў Віцебску актывістку правакавалі, каб ператварыць яе ў мішэнь для падаткавікоў

1 апреля 2009 Комментариев нет

Тацяне Севярынец раптам пачалі бсконца тэлефанаваць людзі, спасылаючыся на аб’яву ў газеце «Из рук в руки», якую яна туды не давала.

Размова ішла пра рэпетытарства. Прычым з пазнакай: паслугі дарагія! Хто і навошта даў абвестку?

Каб абараніцца ад умомант праявіўшых увагу супрацоўнікаў падатковай інспекцыі, колішняя настаўніца мусіла міжволі ператварыцца ў следчага і даказваць, што не займаецца «левай» працай.

Тацяну Севярынец ведаюць у Віцебску не толькі як маці вядомага палітыка Паўла Севярынца. Некалькі дзесяткаў год яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і сотні выпускнікоў розных віцебскіх школ памятаюць яе менавіта ў гэтай якасці. Два гады таму спадарыню Тацяну звольнілі са школы па палітычных прычынах , і цяпер яна дапамагае сыну ў палітычнай дзейнасці – займаецца стварэннем партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”.

– Хоць я і не працую, але ў мяне цяпер яшчэ меней вольнага часу, чымсці было раней, – распавядае Тацяна Севярынец. – Я дапамагаю дзвюм маім дочкам выхоўваць дзетак, маіх унукаў, дапамагаю Паўлу – узялася каардынаваць на Віцебшчыне дзейнасць камітэта па стварэнні партыі БХД. Шмат езджу па рэгіёнах, сустракаюся з людзьмі… А таму вялікім дзівам было, калі да мяне з прэтэнзіямі звярнуліся падатковыя інспектары – маўляў, да ўсяго гэтага я займаюся нелегальнай рэпетытарскай дзейнасцю ды ўхіляюся ад выплаты падаткаў.

Паводле заканадаўства, рэпетытары мусяць або зарэгістравацца як індывідуальныя прадпрымальнікі і плаціць фіксаваны падатак, або ў якасці фізычнай асобы выплочваць яго ў залежнасці ад уласных прыбыткаў. Тацяна Севярынец даведалася пра гэта ў падатковай інспекцыі, калі ёй прыгразілі вялікімі грашовымі штрафамі нібыта за фінансавае парушэнне:

– Я спрабавала тлумачыць, што нічым такім не займаюся, бо пры жаданні ня маю ні часу, ні фізічных магчымасцяў. Але інспектары сказалі, што будуць праводзіць праверку і шукаць маіх «вучняў».

Нечакана вучні, якіх дагэтуль не было ў прынцыпе, пачалі зьяўляцца самі: тэлефон Тацяны Севярынец раскаліўся ад званкоў, прычым спасылаліся на аб’яву ў газеце «Из рук в руки». Там быў пададзены тэлефонны нумар актывісткі і змест «дзейнасці»: рэпетытарства па рускай мове, а таксама кантрольныя работы, ды яшчэ з пазнакай «дорага».

Былой настаўніцы давялося праводзіць сапраўднае следства, пакуль не дабілася праўды: у рэдакцыю тэкст абвесткі трапіў праз прыёмны пункт у гандлёвым цэнтры «Эвіком». Нейкі чалавек, які назваўся сынам спадарыні Тацяны, заплаціў грошы і замовіў разьмяшчэньне аб’явы. Што цікава, Паўла Севярынца на той час у горадзе не было, а неразборліва падпісацца на квітку мог хто заўгодна – пашпарт прыёмшчык аб’яваў патрабуе толькі ў таго, хто зьбіраецца прадаць альбо набыць аб’екты нерухомасці – дачы, кватэры, машыны…

Рэдакцыя рэклямнай газэты папрасіла прабачэння ў Тацяны Севярынец. Але хто размясьціў аб’яву і з якой мэтай, высветліць так і не ўдалося. На думку актывісткі, яе проста хацелі справакаваць: раптам беспрацоўная настаўніца спакусіцца на лёгкія прыбыткі, якія потым стануцца падставай для штрафаў у падатковай інспэкцыі.

А па вялікім рахунку, мяркуе спадарыня Тацяна, усе гэтыя захады робяцца дзеля таго, каб адцягнуць яе ад партыйнай дзейнасці ў БХД. Іншых актывістаў, якія аддалі свае подпісы за рэгістрацыю новай партыі, таксама не пакідаюць у спакоі: пагражаюць звальненнямі з працы, выклікаюць у КДБ… На беспрацоўную і ідэйна свядомую Тацяну Севярынец такім чынам уплываць немагчыма.

– …Таму нехта не пашкадаваў сем тысяч за фальшывую аб’яву, каб толькі ўцягнуць мяне ў нейкі скандал, –- сьмяецца спадарыня Тацяна. – Застаецца толькі паспачуваць тым людзям, якія тэлефанавалі мне. Марнуючы ўласныя грошы. Але, спадзяюся, яны знойдуць сапраўдных рэпетытараў.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...