Беларускія гарады застануцца без беларускай душы?
Горадню наведаў даследчык гарадской цывілізацыі Захар Шыбека. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, ён лічыць, што горшае ў нас ззаду.
Сталічнага госця я папрасіў параўнаць высілкі дзвюх суседніх сялянскіх нацый — літоўскай і беларускай у засяленні гарадоў.
Захар Шыбека адказаў, што літоўцы, якія таксама жылі у вёсках, занялі гарады і зрабілі іх літоўскімі вельмі паспяхова.
– Іхні «нацыянальны праект» падтрымала міжнародная грамадскасць, падтрымала ў часы першай сусветнай вайны Нямеччына і, як ні дзіўна, нават бальшавіцкая Расія.
А ў беларусаў такой падтрымкі не было – гарады нашы не сталі беларускімі, яны ператварыліся ў савецкія, фактычна рускія паселішчы, якія апанавала руская культура і мова, зазначыў даследчык.
Масавая міграцыя беларускай вёскі, на жаль, не змяніла сітуацыі. Былыя вяскоўцы фактычна станавіліся манкуртамі, нічога не зрабілі для беларусізацыі сваіх гарадоў, – сказаў Захар Шыбека і падкрэсліў:
– Так аб’ектыўна складалася, што беларускасць прыходзіла ў Беларусь, у беларускія гарады, насуперак волі саміх беларусаў.
Даследчык зазначае:
– Нечакана для нас мы атрымалі Заходнюю Беларусь – а такіх мараў і памкненняў у народа, можа, і не было. Потым мы атрымалі і незалежнасць у 1991 годзе, як нібыта нечаканы падарунак. Хоць у гэтым урэшце праяўлялася такая непазбежная заканамернасць, якая выяўлялася праз выпадковасць. Здавалася, мы нічога не рабілі, але тэндэнцыя, патэнцыял нацыі, ён рэалізоўваўся такім, часам, незвычайным, парадаксальным чынам і павінен быў прабіць сабе дарогу нават у тым выпадку, калі беларусы асабліва гэтага не хацелі.
– Атрымліваецца, беларусам усё ж не варта быць поўнымі песімістамі, раз
Бог ім штосьці падараваў, можна сказаць, нечакана? — пацікавіўся я.
Спадар Шыбека адказаў на гэта:
– Што вы маеце на ўвазе? Ёсць вядомая легенда, якую любіў паўтараць Уладзімір Караткевіч, што Беларусі з усім пашчасціла — і з людзьмі, і з прыродай прыгожай, і клімат лагодны, адзінае, што нам не пашчасціла з кіраўніцтвам.
Але ёсць погляды таксама і аптымістычныя. Людзі, якія іх прытрымліваюцца, сцвярджаюць: каб не гэтыя пакуты, не было б і поспехаў. Народ, які прайшоў праз выпрабаванні, прадэманстраваў феномен выжывання. І зараз беларусам не страшная будучыня, цяжкасці, прыхаваныя ў ёй. Бо нацыя, народжаная тут, мае такі патэнцыял напрацаваны — духоўны, культурны, дэмаграфічны, што вынішчыць Беларусь, ці лічыць, што беларускі нацыянальны праект не мае перспектывы, з’яўляецца абсурдам. У ім праглядае тады палітычны падтэкст, мэта якога — знізіць нацыянальную актыўнасць беларусаў.