Главная » BY, Гродненская, Культура

Вольга Роўная. Наш чалавек у Маскве!

13 апреля 2009 Комментариев нет

rounaja-volgaДзяўчына са смаргонскага Залесся піша вершы для гуртоў “Фабрыка”, “Корни”, “КуБа”,  папулярных беларускіх выканаўцаў. Паралельна яна – выдавец і астролаг.

Маладая і прыгожая, яна скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М. Танка. Жыве і працуе ў Маскве.

Вольга азначае “светлая, ясная”: такое беларускае сонейка ва ўсходнім мегаполісе. Падчас Менск адштурхоўвае-выштурхоўвае – і людзі знаходзяць сябе ў іншых гарадах. Іншых краінах. Вольга знайшла сябе ў Маскве. У прасторы рускамоўных тэкстаў. Якасных тэкстаў.
Мы размаўляем вясной. Настрой – адпаведны…

– Твае любімыя мясціны ў Маскве? Чым падабаецца/не падабаецца мегаполіс?
– У Маскве я люблю
калі-некалі пасядзець у кавярні – дзесьці ў цэнтры – ды паназіраць за людзьмі. Асабліва, калі на горад раптоўна высаджвае свой вадзяны дэсант навальніца ці проста дождж, і мінакі спрабуюць схавацца… Месца мала і прыходзіцца садзіцца за адзін столік з незнаёмымі людзьмі… Часам узнікаюць цікавыя сустрэчы. Масква мне падабаецца яшчэ і адчуваннем перспектывы, сваёй велізарнасцю!

Не падабаецца ж тое, што людзі настолькі не паважаюць ні горад, ні саміх сябе, ні планету – і набываюць-набываюць-набываюць бясконцую колькасць аўтамабіляў, якія моцна забруджваюць навакольнае асяроддзе. Хацелася б, каб тут былі і веласіпедныя дарожкі, як у любым цывілізаваным еўрапейскім горадзе.

– Ці сумуеш па Залессі? Ці часта бываеш на “малой” радзіме?
–Я не ведаю
, што такое сум, дакладней – ведаю толькі па расповедах іншых людзей. Асабіста мне ніколі не бывае сумна. Нават, калі я адна. Ведаю толькі, што там, дзе я нарадзілася, ёсць людзі, якія рады мяне пабачыць: у першую чаргу гэта мая маці Галіна Мікалаеўна і мой малодшы брат Дзіма. Часам я прыязджаю іх наведаць: бывае, кожны месяц, бывае – раз у тры месяцы…

– З якімі праектамі працуеш цяпер? Як дыхаецца вясной?
–Так, вясна
, быццам расхрыстаная закаханая дзяўчына, раптоўна ўварвалася ў нашы думкі і сэрцы!… Што тычыцца музычных праектаў, над якімі зараз працую, то магу сказаць, што працягваю супрацоўнічаць з прадзюсэрскім центрам Ігара Матвіенкі і пішу песні для яго артыстаў: хутка загучыць у эфіры песня “В обитаемом сердце“ гурта “КуБа“, які грае разнастылёвую музыку, пачынаючы ад рока-попа і да разнастайных новахвалёвых японскіх “фішак”.

Пазнаёмілася таксама з некалькімі новымі-маладымі, але ўжо знакамітымі кампазітарамі – спрабуем стварыць штосьці неардынарнае: сачыце за навінамі! Працягваю працаваць і з беларускімі выканаўцамі: зараз песні на мае вершы запісалі маладая спявачка Даменіка, якая ў гэтым годзе трапіла ў першую тройку прэтэндэнтаў на Еўрабачанне ад Беларусі, а таксама чарадзейка Алеся Ярмоленка.

Супрацоўнічаю з такімі прадстаўнікамі беларускай і расейскай эстрады як Вольга Плотнікава, Аляксей Хлястоў, Вера Палякова, Вікторыя Дайнэка, гурты “Фабрыка”, “Корни”, “КуБа”…

–Вершы-песні-музыка… А як складваюцца адносіны з прозай?
– Спрабую пісаць
. Імкнуся рабіць штосьці кожны дзень: выконваю практыкаванні па “Камунікатыцы“, пішу сцэнкі, прыдумваю герояў… Талент талентам, але, каб авалодаць майстэрствам, патрэбна, на мой погляд, шмат працаваць. Я бачыла многа таленавітых людзей, якія проста спыніліся, вырашыўшы, што талент іх выратуе. Лічу, выратаваць можа толькі крапатлівая праца па авалодванню майстэрствам. Ніхто не здзіўляецца, што балярына кожны дзень мінімум чатыры гадзіны займаецца практыкаваннямі ля станка, а спартовец шмат часу аддае трэніроўкам, але многія здзіўляюцца, што паэт працуе са слоўнікамі ці піша прозу, каб заслужыць павагу мовы, на якой ён піша. Для мяне вучыцца і працаваць – як дыхаць. І ў мяне хапае здаровага сэнсу, каб разумець, што таленты дадзены кожнаму, але многія ідуць па шляху найменшага супраціўлення і закопваюць яго ў зямлю, бо так прасцей і лягчэй жыць… У Алы Пугачовай ёсць такая песня: “Также как все, как все, как все, я по земле хожу, хожу…“ Я не згодна: чалавек павінен шанаваць сваю унікальнасць, павінен імкнуцца займацца тым, што ён любіць, а не тым, што модна.

– У тваім жыцці менавіта так?
– У прыватнасці
, калі я заканчвала сярэднюю школу, было модна ісці вучыцца на юрыдычны ці эканамічны факультэты. І я вельмі ўдзячна сваёй маці, што, калі я ўсё ж такі выбрала філалогію, яна мяне не спрабавала пераканаць у адваротным. Каб ісці сваёй дарогай падчас патрэбна смеласць. Дарэчы, яна ў мяне ад матулі… Спадчына!

– П’есы… Можна пра гэта падрабязней?
–Увогуле
, калі я “вырасту”, хачу стаць драматургам… І вось ужо пачала пісаць невялікія вершаваныя п’ескі з самымі разнастайнымі героямі: напрыклад, там у мяне ёсть і мудры стогадовы папугай Клаўдзій, і часаўшчык Ульрых, і пеўнік Мефістофель, і снежны барс Сімба і іншыя. Мая праца ў гэтым жанры пачалася з таго, што пісьменнік, у якога я вучуся, парэкамендаваў мне пачаць пісаць прозу, у прыватнасці – п’есы-ілюстрацыі прынцыпаў той або іншай планеты (я ўсур’ёз цікаўлюся астралогіяй і чалавеказнаўствам)… І вось я пачала пісаць п’есы ў прозе для інтернэт-радыёстанцыі “Аквамарын“, у эфіры якой іх можна было пачуць на працягу мінулага паўгоддзя. У дадзены момант гэтыя творы размясціліся на дысках з лекцыямі па астралогіі, уплеценыя ў агульную канву аповеда. Я пачала з п’ес у прозе, але паступова “збілася“ на вершаваны радок – і большасць п’ес атрымаліся ўжо вершаванымі.

– Ты ўжо выдавец… Ці плануеш у бліжэйшы час выдаць кнігу менавіта сваіх вершаў?
– “Книги – это переплетенные люди“
– гэтыя словы прыпісваюць А.С.Пушкіну, і я з імі згодна на сто адсоткаў. Цяпер я дапамагаю вядомаму расейскаму пісьменніку, псіхолагу, астролагу і паэту (для мяне ў першую чаргу – настаўніку) Авесалому Падводнаму. Выдаваць кнігі: займаюся арганізацыйнымі пытаннямі, шукаю макетчыкаў, дызайнераў, каардыную працу паміж імі і друкарняй. Паралельна я ўжо трэці год вучуся ў аўтарскай школе Авесалома Падводнага “Чалавек сярод людзей“ на курсе “Вышэйшыя архетыпы псіхікі“. Сваю кніжку планую выдаць пасля таго, як выдам усе кнігі настаўніка.

–Альтруізм?
– Я
рэалістычна гляджу на рэчы і разумею, што… Я яшчэ ў самым пачатку свайго шляху, і, калі чытаю, напрыклад, вершаваны пераклад “Кнігі Шляху і Дабрадзейнасці“ Лао Дзы, які зрабіў Авесалом, то разумею: мне да такога ўзроўню валодання словам яшчэ ісці ды ісці. Лао Дзы сказаў: “Дарога ў тысячу лі пачынаецца з аднаго кроку“. Першы крок я ўжо зрабіла, але выданне майго зборніка вершаў – гэта дзесьці трэці-чацьверты крок. Мне яшчэ туды патрэбна дайсці.

– Калі Вольга Роўная не працуе, то… Хобі па-за межамі шматлікіх тэкстаў?
– Вывучаю анатомію
і розныя нетрадыцыйныя масажныя тэхнікі. Практычна, маё хобі – здаровы лад жыцця. Займаюся гімнастыкай “Кропля“ па методыцы майго настаўніка, каля трох гадоў – вегетарыянка. Вывучаю астралогію. Вельми люблю кіно. Найлепшы адпачынак для мяне – схадзіць у кіно: сядзець на першым радзе і глядець у вялізны экран. Спадзяюся, аднойчы напішу сцэнарый, па якому здымуць добры фільм.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram