Пакуль доктар слухаў сэрца, прапалі грошыкі
Даверлівых людзей у Віцебску, Воршы і Наваполацку рабаваў злачынец, які прадстаўляўся ўрачом.
Звычайна – кардыёлягам ці медбратам. А пасьля вымярэньня ціску або выпісваньня рэцэптаў кашалькі гаспадароў невядомым чынам пусьцелі.
Гісторыю, якая адбылася з Анатолем і Зінаідай Жаўно, можна лічыць тыповай афэрай з удзелам “доктара Мялешкі”, як ён сам адрэкамэндаваўся віцяблянам.
– Пазваніў у дзьверы і сказаў, што прынёс рэцэпты нашай суседцы, – распавядае Зінаіда Антонаўна. – Папрасіў перадаць. А мы прапанавалі пачакаць, накармілі абедам… Натуральна, размова зайшла пра здароўе. “Доктар” нас паслухаў, памерыў ціск, выпісаў лекі і на разьвітаньне некалькі разоў нагадаў, каб абавязкова прыйшлі да яго на прыём у паліклініку.
А літаральна сьледам завітаў страхавы агент. Тут пенсіянэрка і заўважыла: грошы зьніклі. Пачалі ўважліва разглядаць рэцэпты – яны без пячатак. Тым часам вярнулася і суседка: ніякага доктара не выклікала! А ўрэшце і ў палікілініцы канчаткова пацьвердзілі горшыя падазрэньні: ніякі доктар Мялешка ў іх не працуе і не працаваў.
Пкуль злачынца шукалі па гарачых сьлядах у Віцебску, высьветлілася, што падобны інцыдэнт здарыўся і ў Наваполацку. “Медбрат” прыемнай зьнешнасьці папрасіў бабульку разьмяняць буйную купюру, і пакуль тая корпалася – украў пэнсію…
Калі злачынцу знайшлі, высьветлілася: ён зусім нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўленьня волі, дзе адбываў пакараньне за такое самае злачынства.
Грамадзкая псыхалёгія, сьведчаць міліцыянты, не мяняецца: даверлівыя людзі гасьцінна запрашаюць у хату незнаёмых “дактароў”, “сацыяльных работнікаў”, “сантэхнікаў”, “электрыкаў” і пры гэтым ня просяць паказаць дакумэнты.