Актывісты Руху “За свабоду” не толькі лістоўкі раздаюць
Каля васьмісот ялінак пасадзілі шэсьць маладзёнаў у Мастоўскім раёне. Яны звярнуліся ў мясцовы лясгас, калі даведаліся, што праводзіцца “Тыдзень лесу-2009”.
Начальнік лясгасу Юры Чубрык 15 красавіка даў машыну, іх даставілі ў лес за вёскай Галынка, які тутэйшыя жыхары называюць Грабоўскім, бо там растуць грабы. Акцыя праходзіла пад заклікам пасадзіць лясы для нашчадкаў.
Пра гэта паведаміў каардынатар Руху “За свабоду” з Мастоў Алесь Зарэмбюк. Ён зазначыў, што мэтай моладзі было паўдзельнічаць у карысным мерапрыемстве, паказаць: яны могуць супрацоўнічаць з уладамі ў станоўчых справах, каб людзі ня думалі, што “свабодаўцы” здольныя толькі раздаваць улёткі.
Дарэчы, тыдзень лесу праходзіць у рамках абвешчанага сёлета ўладамі “Году роднай зямлі”.