Віцебшчына ператвараецца ў анамальную зону
Як толькі беспрацоўны апазыцыянэр прыходзіць уладкоўвацца на нейкае прадпрыемства, вакансіі містычным чынам аказваюцца ўжо занятымі.
Сябар руху “За Свабоду” старшыня Гарадоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў сутыкаўся з такой “анамальшчынай” ужо тройчы. Апошні раз – 12 красавіка, калі хацеў стаць электрыкам у раённай бальніцы.
– Інфармацыю пра магчымасьць працаўладкаваньня я атрымаў у Цэнтры занятасьці насельніцтва, – распавядае спадар Аўтухоў. – Але пасьля размовы з галоўурачом высьветлілася, што вакансія нечакана зьнікла. Ён даведаўся, што мяне звольнілі зь мінулага месца працы па палітычных прычынах – не працягнулі кантракту, бо кіраўніцтва ЖКГ незадаволенае маёй грамадзкай дзейнасьцю. І такая сітуацыя складаецца ўжо не ўпершыню: маючы прафэсію электрыка-механіка, я спрабаваў уладкавацца на працу па спецыяльнасьці і на Гарадоцкую птушкафабрыку, і на прадпрыемства па абясшкоджаньні авіябоепрыпасаў. За тыя 10-15 хвілін, пакуль я дабіраўся да месца, вакансіі аказваліся ўжо занятымі.
Гарадоцкі апазыцыянэр, які мае двух няпоўнагадовых дзетак, беспасьпяхова шукае працу са сьнежня 2008 году. Ён кажа, што ў заяве ў Цэнтар занятасьці напісаў, што гатовы на любы варыянт – ад старшыні райвыканкаму да дворніка. Пакуль ніякіх варыянтаў знайсьці не ўдаецца.
Актывіст Аляксей Александровіч з Чашнікаў таксама шукае працы ў сваім райцэнтры. Да 2007 году ён працаваў інжынэрам на мясцовай папяровай фабрыцы, аднак пасьля чарговага ўстаноўчага зьезду Руху “За Свабоду” прапанавалі звольніцца па ўласным жаданьні, прыгразіўшы, што інакш самі знойдуць прычыну, але ўжо для прымусовага звальненьня.
– Я неаднаразова спрабаваў зноў уладкавацца на фабрыку, але мяне не пускаюць далей прахадной, – кажа А.Александровіч. – Маўляў, цябе загадана на тэрыторыю не прапускаць. Такім чынам, трапіць у аддзел кадраў я не магу проста фізычна. А на заводзе харчовых прадуктаў таксама на прахадной мне паведамілі: для мяне асабіста тут вакансіяў няма і ня будзе, хаця для іншых – ёсьць. Спраўджваецца тое, што мне сказалі калісьці пры звальненьні: маўляў, мы ўжо паклапоцімся, каб у Чашніках табе працы не было, каб ты не баламуціў людзей.
Бепрацоўны Аляксей Александровіч лічыць, што за “баламуцтва” мясцовыя ўлады ўважаюць распаўсюд бюлетэня “Наша жыцьцё”, які ён выдае, а таксама працу над інтэрнэт-сайтам www.chashniki.info , дзе выкладаюцца крытычныя матэрыялы пра жыцьцё райцэнтру. Цяпер перспектываў працаўладкаваньня ў Чашніках актывіст проста ня бачыць.