Главная » BY, Минск, Политика

Аперацыя»Артыкул», або Ці лёгка палітыку затаргавацца на палітычным рынку

22 апреля 2009 Комментариев нет

Наўрад ці сваё апошняе «славутае» інтэрв’ю спадар Ляўковіч будзе паказваць незнаёмым людзям, як той фотаздымак, на якім ён разам з Джорджам Бушам-малодшым.

Інтэрв’ю Анатоля Ляўковіча газеце «Советская Белоруссия» выклікала вялікі рэзананс.

І перш за ўсё ў шэрагах апазіцыі.

Нам даслаў свае развагі з нагоды скандальнай публікацыі адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў Анатоль Сідарэвіч. Паколькі тэкст па колькасці радкоў не саступае вялізнай газетнай публікацыі, абмяжуемся толькі найбольш характэрнымі ўрыўкамі.

…Колькі месяцаў назад Анатоль Ляўковіч паведаміў мне, што рэдакцыя заказала яму артыкул. І некалькі разоў я бачыў, што Ляўковіч сапраўды нешта сачыняе.

Сваё жаданне апублікавацца ў «СБ» Ляўковіч патлумачыў прагматычна: маўляў, пасля таго, як у гэтай газеце з’явіцца ягоны артыкул, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе) будзе лягчэй жыць і працаваць.

Я не стаў адгаворваць Ляўковіча ад дурной ідэі. Па-першае, таму, што ведаю ягонае славалюбства. Склаўшы які-небудзь тэкст, Ляўковіч ў надзеі, што яго пахваляць, абавязкова папытаецца ў дзесяткаў людзей, ці чыталі яны гэты тэкст. Па-другое, Ляўковіч лічыць, што палітык павінен іграць. Ён перакананы, што той, хто не іграе, не можа называцца палітыкам. Праўда, прызнаючы паняцце «палітычны тэатр», Ляўковіч нібыта забывае, што існуе таксама паняцце «палітычны рынак» і, адпаведна, паняцце «палітычны торг, гандаль». Забывае ён таксама і пра тое, што палітык можа як зайграцца на палітычнай сцэне, так і затаргавацца на палітычным рынку, а ў выніку і прайграць, і пратаргавацца.

Аднак у гэтым выпадку Ляўковіч не можа пацешыць сваё аўтарскае самалюбства.

Не думаю, што гэтае інтэрв’ю ён будзе паказваць незнаёмым людзям, як той фотаздымак, на якім ён разам з Джорджам Бушам-малодшым.

Сваім інтэрв’ю Анатоль Ляўковіч упісаў у гісторыю сучаснай беларускай сацыял-дэмакратыі яшчэ адну ганебную старонку. (Першую старонку ён упісаў тады, калі, як кажа партыйнае паданне, за энную суму саступіў пасаду старшыні БСДП Аляксандру Казуліну.)

НЯПРАЎДА

У Ляўковічавым інтэрв’ю шмат няпраўды. Ёсць у ім і двайная напраўда.

Свайму візаві Ляўковіч кажа: «То, что прозвучало в нашем диалоге, я говорил и пять, и десять лет назад».

І пяць, і дзесяць гадоў назад я быў з Ляўковічам у адной партыі, не раз чуў яго выступленні, але нешта не магу прыгадаць, каб Ляўковіч ўголас назывў Лукашэнку стырнавым, прагматыкам, стыхійным сацыял-дэмакратам, «народным избранником» і г. д.

Адно з двух: або Ляўковіч вёў такія размовы дзесьці ў кулуарах, або Ляўковіч кажа няпраўду, каб спадабацца свайму новаму стырнавому.

ПРАВАКАЦЫЯ

Адзін з радзелаў інтэрв’ю мае загаловак «Оппозицию ждет размежевание».

І сапраўды, Анатоль Ляўковіч гэтым інтэрв’ю правакуе раскол дэмакратычнай апазіцыі.

Нагадаю, што ў 2000 годзе дэмакратычная апазіцыя вырашыла байкатаваць выбары ў «палатку». Такое ж рашэнне прыняў і IV з’езд БСДП. Але ўсё паламалі нямецкія дыпламаты – амбасадары Вік і Вінкельман. Яны пераканалі Мікалая Статкевіча, быццам дамовіліся з уладаю аб мандатах для 3–4 апазіцыянераў, у тым ліку і для яго. І вось, маючы нямецкую падтрымку і «гарантыі», Статкевіч і кампанія дзеля мандатаў парушылі рашэнні Кангрэсу дэмсілаў і партыйнага з’езду і тым самым раскалолі адзіны фронт дэмакратаў, а заадно і БСДП.

Ляўковіч у 2000 годзе быў верным пахолкам Статкевіча. Цяпер ён сам правакуе раскол АДС і – магчыма – партыі.

ШТО ТАКОЕ АПАЗІЦЫЯ?

Гутарка двух выдатных філосафаў нашага часу мае загаловак «Оппозиция должна сотрудничать с политической системой, а не ставить ей палки в колеса».

Такім чынам, абодва мысліцелі разводзяць апазіцыю і палітычную сістэму. Палітычная сістэма з’яўляецца нечым замкнутым, у-сабе-і-для-сябе-быццём, а апазіцыя ў дачыненні да яе нейкая вонкавая пакладзенасць. Яны, можна сказаць, існуюць у розных вымярэннях, у розных сістэмах каардынатаў, знаходзяцца ў адносінах контрадыкторнасці: сістэма і несістэма.

Гэта, калі пераходзіць на мову палітыкі, узнаўленне бальшавіцкай палітычнай сістэмы з тым толькі адрозненнем, што бальшавікі калі не вывозілі іншадумцаў на «філасофскіх параходах», дык знішчалі іх.

У Беларусі, дзякуй Богу, пакуль яшчэ не таталітарызм.

Існаванне несістэмнай апазіцыі – адзнака аўтарытарнага рэжыму. У дэмакратычных дзяржавах апазіцыя ўключана ў палітычную сістэму. Але, з’яўляючыся сістэмнай парламенцкай, апазіцыя застаецца апазіцыяй: яна крытыкуе выканаўчую ўладу, выносіць на разгляд парламентаў і органаў мясцовага самакіравання альтэрнатыўныя праекты, стварае ценявыя ўрады, праводзіць акцыі пратэсту і г. д. Дык ці дзіва, што тым самым займаецца несістэмная апазіцыя?

І вось нам кажуць, што несістэмная апазіцыя павінна супрацоўнічаць з палітычнай сістэмай.

Слова «супрацоўнічаць» азначае супольную, сумесную працу як мінімум двух суб’ектаў. Пры гэтым маецца на ўвазе, што суб’екты з’яўляюцца партнёрамі, г. зн., што кожны з іх выконвае сваю частку работы. Але партнёрства – і сацыяльнае, і палітычнае – немагчымае без, як мінімум, паважлівых адносін да правоў кожнага з бакоў. У ідэале ж партнёры, у тым ліку палітычныя, павінны мець роўныя правы: роўны доступ да грамадскіх СМІ, у выбарчыя камісіі розных узроўняў, да інфармацыі пра дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання і г. д. Калі гэтага ўсяго няма, якое ж можа быць супрацоўніцтва?

НЕ МОЖАШ ПЕРАМАГЧЫ ІХ – ДАЛУЧЫСЯ ДА ІХ

Палітычная барацьба падчас вымагае ад чалавека поўнай самааддачы. Трэба быць Іванам Луцкевічам, каб весці бізнес і на заробленыя грошы выдаваць «Нашу Ніву», ажыццяўляць іншыя культурніцкія і палітычныя праекты, каб, сабраўшы багатыя калекцыі, што склалі аснову Беларускага музея ў Вільні, шкадаваць гэтага багацця для сябе, для папраўкі ўмоў свайго жыцця і нават здароўя.

Трэба быць высокаталенавітым публіцыстам, крытыкам і палітычным мысліцелем Антонам Луцкевічам, каб, страціўшы працу ў Беларускай гімназіі, перабрацца з двума сынамі ў аднапакаёвую кватэру, весці паўгалоднае жыццё і не пайсці на службу таму палітычнаму рэжыму, у апазіцыю да якога ён стаў ад самага пачатку.

Палітычная барацьба бывае надта працяглаю. Можна і памерці, не дачакаўшыся здзяйснення сваіх спадзяванняў.

Не ў кожнага стае фізічных і маральных сілаў, каб выстаяць у барацьбе. Не ў кожнага стае цярпення. І тады людзі кіруюцца правілам «не можаш перамагчы іх – далучыся да іх».

Помніцца, што ў свой час Анатоль Ляўковіч не адзін раз ганьбаваў за згодніцтва Уладзіміра Нісцюка, але я не магу згадаць, дзе і ў якім тэксце Уладзімір Нісцюк апусціўся да панегірыкаў сістэме і яе «стырнавому».

Уладзімір Нісцюк, паспадзяваўшыся на тое, што за прымірэнчыя жэсты ўлада дасць яму магчымасць атрымаць мандат, мусіў 28 верасня 2008 года расчаравацца. 21 снежня ён пакінуў партыю і палітыку ды жыве жыццём прыватнага чалавека.

Няўжо і Анатоль Ляўковіч марыць пра мандат? Ці ён, маючы перад сабою прыклад Уладзіміра Нісцюка, сваім інтэрв’ю хоча папросту выклянчыць ва ўлады якую-небудзь пасаду ва універсітэце, у інстытуце і таксама стаць прыватнаю асобай?

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...