Главная » RU, Культура, Могилев

Продкі магілёўцаў выхоўвалі п’яніц і гультаёў карбачамі

22 апреля 2009 Комментариев нет

Магілёўскія археолагі знаходзяць цікавыя старажытныя рэчы на будаўнічых пляцоўках у цэнтры горада.

У арсенале магілёўскіх уладароў у XVII стагоддзі быў карбач – бізун ці «сяміхвостка». Археалагічная знаходка цяпер падобная на набор доўгіх і вузкіх цёмных кавалкаў скуры, але ў мінулым гэта была грозная зброя.

Вядомы магілёўскі гісторык і археолаг Ігар Марзалюк знаёміць з вопытам нашых продкаў па змаганню з п’яніцамі, гультаямі, хуліганамі і злодзеямі:

– На Ратушнай плошчы каля ганебнага слупа такім карбачом выхоўвалі тых, хто не слухаўся і парушаў грамадскі парадак.
Карбач – адна са знаходак, зробленая на вуліцы Ленінскай, дзе будуюць новы гандлёвы цэнтр. На гэтым месцы ў старым Магілёве некалькі стагоддзяў таму таксама месціліся гандлёвыя рады і падворкі заможных гараджанаў.

Магілёўскія археолагі зрабілі шмат знаходак у багатым культурным слоі. Напрыклад, баярскі скураны пояс з ножнамі, які выдатна захаваўся.

Кафля, якой магілёўцы ўпрыгожвалі свае дамы: вытворчасці мясцовых майстроў (напрыклад, з яркай выявай льва) і галандскай, з тонкімі малюнкамі, якую археолагі жартам называюць «еўрасайдынгам» XVIIІ стагоддзя, бо гэта быў на той час модны і дарагі варыянт.

З розных выкапаных з зямлі рэчаў археолагі складаюць жывыя карціны мінулых стагоддзяў і звычак гараджанаў. Без лішняй сарамлівасці яны паведамілі, што знайшлі прыбіральню XVII стагоддзя. Пабудова, падобная на сучасныя сельскія аналагі, была ўзведзена з дуба і адрознівалася трываласцю. А тым, што гэта сапраўды была прыбіральня, не сумняваўся ніхто з капацеляў: культурны слой у гэтай частцы старога горада добра захоўвае ўсю арганіку.

Сярод знаходак – таксама шкарлупіны ад арэхаў ляшчыны, якімі гараджанін засмеціў вуліцу гадоў 400 таму! Відаць, за тым часам ляшчына ў магілёўцаў была больш папулярная за сланечнік.

Праўда, пра ўсе гэтыя адкрыцці магілёўцы маглі ніколі не даведацца. Забудоўшчыкі гандлёвага цэнтра забыліся на абавязковы археалагічны нагляд. Пасля ўмяшання гісторыкаў справы ўладзіліся, і студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка зрабілі цікавыя знаходкі.

– Гэта рэальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, – гаворыць гісторык і археолаг. – Яны робяць гонар музейнай калекцыі любога еўрапейскага горада. Таму яшчэ раз звяртаюся да голасу розуму ўсіх забудоўшчыкаў у цэнтры горада: зважайце на ахоўныя зоны і рабіце археалагічны нагляд. Усе нашы знаходкі папросту маглі быць адвезены на сметнік і згніць там. Зямля ў старым цэнтры – гэта не смецце, а самы поўны летапіс горада.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram