33 паселішчы продкаў затопіць ГЭС на Нёмане
Праўда, археолагам далі магчымасць вывучыць абшар будучага водасховішча пад Гродна. Цяпер варта чакаць напісання некалькіх кандыдацкіх дысертацый.
Мы пісалі нядаўна пра тое, што ўзніклі затрымкі з абсталяваннем для Гродненскай ГЭС, але перш трэба стварыць водасховішча і плаціну. Згодна заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, усе археалагічныя аб’екты, якія будуць затоплены, павінны даследавацца, патлумачыў кіраўнік сектара археалогіі і першабытнага грамадства НАН Вадзім Лакіза. Толькі што пад яго кіраўніцтвам адбыліся тыднёвыя раскопкі на нёманскіх берагах.
Яны праводзяцца другі год запар и зараз дазваляюць археолагам сцвярджаць, што ўдалося атрымаць вялікую колькасць археалагічных крыніцаў з новымі звесткамі для напісання гісторыі Беларусі, заўважыў спадар Лакіза.
Для яго, даследчыка каменнага і бронзавага вякоў, сталі поўнай нечаканасцю некаторыя з атрыманых знаходак. Напрыклад, знойдзена каменная шліфаваная сякера і гэта, можна сказаць, унікальны выпадак, калі падчас раскопак удаецца адшукаць цэлы, непашкоджаны выраб. Звычайна іх выпадкова знаходзяць выпадковыя людзі і прыносяць у музей. А тут — у кантэксце культурнага пласта.
У раскопе «Коматава-4» раней былі выяўлены часткі гэтак званай шнуравой керамікі, што пакінулі першыя індаеўрапейцы, якія асвойвалі прасторы беларускага Панямоння ў ІІІ тысячагоддзі да нашай эры. Атрымана таксама мноства новых крыніц, што датычаць эпохі Сярэдневякоўя, падкрэсліў археолаг. Яны дапамагаюць вызначыць гістарычную схему развіцця насельніцтва гродзенскага рэгіёну. Знойдзена, у прыватнасці шмат глінянага посуду рознага часу, пачынаючы з Х стагоддзя, заканчваючы Х1V-ХV-м, металічныя вырабы, у тым ліку з каляровага металу, а таксама манеты Вялікага княства Літоўскага. Атрыманыя матэрыялы стануць падставай для напісання некалькіх кандыдацкіх дысертацый па эпосе феадалізму на тэрыторыі Беларусі, мяркуе Вадзім Лакіза.
Да раскопкак у раёне Гродзенскай ГЭС прыцягваюцца спецыялісты Інстытута гісторыі, а таксама выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. Каб паспець вывучыць усе археалагічныя помнікі, якія будуць затоплены, спадар Лакіза мяркуе запрасіць таксама выкладчыкаў і студэнтаў з Брэста. У раскопках, якія адбыліся цяпер, удзельнічалі студэнты 3-4-х курсаў БДУ, якія спецыялізуюцца на кафедры археалогіі гістарычнага факультэта, разам з імі былі выкладчыкі Міхась Чарняўскі і Віталь Сідаровіч.