Перад выбарам: ці супрацоўніцтва з КДБ – ці Чарнобыль з арміяй
Бесцырымонным ціскам на мастоўскага актывіста партыі БНФ і руху «За свабоду» студэнта Алега Пронскага перасцерагаюць ад іншадумства іншых маладых людзей.
Хлопец закончыў аграрны універсітэт у Гродне, чаму ж не прызваць яго ўжо зараз? Але ён паказаў паперы, што атрымлівае паралельна другую спецыяльнасць у гэтай жа вну і трэба давучыцца да канца года. У ваенкамаце неахвотна выдалі яму ўжо накіраванне на медыцынскую камісію, якая мае адбыцца амаль праз паўгода — 6 кастрычніка.
Алег лічыць, што пройдзе восеньскую камісію, і як толькі закончыць курс эканамічнага менэджэра, яго забяруць у армію. Гэта – чарговая мера пакарання для яго.
Хлопца ўжо дапытвалі ва універсітэце два афіцэры КДБ, патрабавалі, каб адмовіўся ад актыўнай дзейнасці ў апазіцыйных арганізацыях, схілялі да супрацоўніцтва, пагражалі, што накіруюць яго пасля вну ў Гомельскую вобласць. У Гомельскую не паслалі, але накіраванне замянілі: было ў эксперыментальную базу «Руткевічы» побач са Шчучынам, ад якога недалёка да Мастоў, а цяпер выдалі «пуцёўку» за дзвесце кіламетраў ад Гродна — у Ашмянскі раён, але й туды ён можа не трапіць.
Дарэчы, Алег Пронскі звярнуўся пісьмова ў аддзел кадраў Аграрнага універсітэта, каб патлумачылі: на якой падставе яму змянілі размеркаванне? Паколькі сам з такой просьбай не звяртаўся, яго цалкам задавальняла перспектыва працы ў Руткевічах. Адказу не атрымаў, замест гэтага пачалі турбаваць супрацоўнікі ваенкамата.