Главная » BY, Витебская, Происшествия

Талачынскіх “самадзелкіных” падазраюць у крадзяжах

24 апреля 2009 Алена Штраль 9 views Комментариев нет

Адразу каля дзесятка жыхароў раёну зьвярнулася ў суд, каб іх прызналі законнымі ўладальнікамі трактараў, сабраных уласнымі рукамі з металалому.

Рэгістрацыя праз суд – гэта звычайная працэдура ў падобных выпадках. Але “самадзелкіны” самі ледзьве не сталі падсуднымі за сваё ўмельства: ім прыйшлося даводзіць, што дэталі не скрадзеныя, а насамрэч знойдзеныя на звалцы.

Трактары  розных марак, сабраныя са спісаных, знойдзеных на звалках або набытых на кірмашы запчастак і дэталей ужо прайшлі апрабацыю на  палетках Талачыншчыны. Гаспадарам  заставалася толькі ўзаконіць свае правы шляхам судовай працэдуры, каб  атрымаць нумар дзяржаўнага ўзору і  законна эксплуатаваць уласнаручна зробленую тэхніку.

Ня ўсе судовыя працэсы скончыліся на карысць уладальнікаў, і нехта з іх падаў скаргу ў Віцебскі абласны суд. У “вобласці” раптам задумаліся: як так можа быць, каб годныя да ўжытку дэталі валяліся пад нагамі ў простых людзей, а не захоўваліся недзе на мехдвары? І аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі распачаў праверку, ці не крадуць “умелыя ручкі” дзяржаўную маёмасць.

Факты крадзяжоў не пацвердзіліся, і міліцыі давялося прызнаць: на Талачыншчыне маюць  месца выпадкі элементарнай безгаспадарчасці, калі цалкам прыдатныя яшчэ запчасткі ў гаспадарках адпраўляюць у металалом. А “самадзелкіны” гэтым карыстаюцца і збіраюць з іх тэхніку для працы на прыватным падворку.

Баяцца яны толькі аднаго: каб на сабраную ўласнымі рукамі новую маёмасць не паквапіліся былыя дзяржаўныя “гаспадары”, якія калісці ленаваліся яе рамантаваць і раскідалі па запчастках, а цяпер былі б гатовыя прыняць назад у “працаздольным” стане.

Другие статьи

Оставить комментарий

Добавьте свой комментарий или трэкбэк. Вы также можете подписаться на комментарии по RSS.