Патрыёту Беларусі дапамагала выжываць пенсія за польскі ордэн «Віртуці мілітары»
У Гродне паказалі фільм пра пісьменніка Аляксея Карпюка. Ён памёр у 1992 годзе, аднак стаў легендай яшчэ пры жыцці.
У памяшканні ТБШ спачатку паказалі фільм, у якім удава Іна Карпюк (яна памерла паўгода назад) гаварыла пра мужа. Пра пісьменніка ўспаміналі, цытавалі яго творы, знаёміліся з новай кнігай Карпюка «Развітанне з ілюзіямі», якую выпусціў цяпер у «Гродзенскай бібліятэцы» рух «За свабоду». А развітваўся ён з савецкімі ілюзіямі.
Аляксея Карпюка выбралі як мішэнь для цкавання ў часы андропаўскага «палявання» на дысідэнтаў. А галоўнымі дысідэнтамі ў Гродне уладай былі абраны пісьменнікі Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк.
Прафесар Аляксей Пяткевіч на вечарыне сказаў: Быкава пераследвалі за творы, Карпюка – за тое, што «не цярпеў непарадку», ён выступаў на пісьменніцкіх з’ездах і крытыкаваў начальства, а гэта было нечувана ў савецкія часы, каб партыйна-савецкіх чыноўнікаў крытыкавалі. Людзі, якія ведалі Карпюка, гаварылі, што калі яго не бралі нідзе на працу, выжываць дапамагаў ордэн «Віртуці мілітары», за які польскія ўлады плацілі пенсію. Праўда, у самага Карпюка пра гэта ўжо не спытаеш: ці сапраўды было так, але ўзнагародай ён, безумоўна, ганарыўся.
Іна Карпюк задумліва гаворыць з экрана, што яго стаўленне да Савецкай Беларусі было рамантычным (родная вёска пісьменніка Страшава засталася па другі бок мяжы — у Польшчы), а «на поверку получилась ерунда» – Іна Анатольеўна гаварыла па-руску. Яна была выкладчыцай рускай мовы і дачкой заходнебеларускага дзеяча Анатоля Альшэўскага, якога расстралялі ў 1938 годзе ў Маскве. Аднак Карпюк зьяўляўся сапраўдным патрыётам, таму «крытыкаваў па-сапраўднаму». «Чаго ён быў патрыётам? Канечне, Беларусі нармальнай», – зазначае ўдава. Яна гаворыць: улады, каб адпомсціць Карпюку, пачалі збіраць матэрыялы, што ён быццам бы не быў у партызанах, не ваяваў на фронце…
Пасля фільма, у якім жонка ўспамінала пра мужа, дачка пісьменніка Валянціна Карпюк прызнаецца прыхільнікам яго творчасці і асобы: «удзячна Богу, лёсу, што нарадзілася ў гэтай сям’і».