У разгар крызіса губернатар загадаў перасунуць цэнтр Віцебска
Дасюль цэнтрам гораду лічылася плошча Свабоды. Аднак А.Косінец паведаміў, што цяпер культурніцкія і грамадзкія імпрэзы будуць ладзіцца на Плошчы Перамогі.
Яе архітэктурны ансамбль складаецца з двух частак: уласна мэмарыяльнай зоны, дзе б’юць так званыя “Фантаны слёз” ды стаіць помнік у памяць пра загінулых, і зоны адпачынку – таксама з фантанамі, клумбамі і “альпійскімі горкамі”. Кожная з зон, раздзеленых дарогай, маюць адрознае функцыянальнае прызначэнне. Мемарыяльная частка выкарыстоўваецца адносна рэдка: тут спыняюцца хіба вясельныя картэжы ды грамадскія арганізацыі праводзяць урачыстыя ўскладанні вянкоў ды кветак па адпаведных святах. А праз дарогу на лавачках сядзяць пенсіянеры, прагульваюцца маладыя мамы з вазочкамі, а ўлетку працуюць шматлікія дзіцячыя атракцыёны.
Адпаведна рашэння губернатара, архітэктурная і функцыянальная канцэпцыя выкарыстання Плошчы Перамогі вымагае перапрацоўкі. І, адпаведна, грошай.
Зрэшты, на адмысловай нарадзе, якая прайшла ў віцебскім гарвыканкаме з удзелам архітэктараў, Аляксандар Косінец падтрымаў і іншыя прапановы па змяненью аблічча Віцебска. На разгляд абласных і гарадскіх уладаў свае ідэі высунулі інтытут “Віцебскграмадзянпраект”, фірма “Сіці-Арт плюс” і праектная група БНТУ з Менска. Некаторыя праекты віцебскі губэрнтар назваў “сырымі” і вартымі далейшай дапрацоўкі, аднак маштабы перпектыўных зменаў уражваюць.
Так, у раёне Летняга амфітэатру прапанавана высадзіць дэндрапарк, а вуліцу Суворава зрабіць пешаходнай ды аздобіць яе элементамі кунструктывізму, супрэматызму і кубізму, аддаўшы даніну мастацкай славе Віцебска пачатку 20 стагодддзя. Таксама прапанавана пабудаваць аквапарк і іпадром, абнавіць два праспекты – Маскоўскі і Гагарына, а на вежы на будынку аблвыканкаму абсталяваць глядзельную пляцоўку.
Жыхары Віцебску зусім не супраць абнаўлення роднага гораду, але шмат у каго ўзнікае пытаньне: ці мэтазгодна якраз цяпер, калі эканоміка вобласці перажывае далёка не лепшыя часы, выдаткоўваць грошы на рэалізацыю такіх ідэяў, як перанос гарадскога цэнтра.
Бо цягам апошніх дзесяцігоддзяў у развіцьцё інфраструктуры вакол цяперашняй цэнтральнай плошчы Свабоды і так укладзена нямала сродкаў: тут штогод абнаўляецца Летні амфітэатр, аднаўляюцца Уваскрасенская і Успенская цэрквы, недалёка месцяцца ўрадавыя будынкі – аблвыканкам і гарвыканкам, ьнешні выгляд якіх дбайна падтрымліваецца ў належным стане, паблізу знаходзяцца тры музеі, два тэатры…
Або ідэя пераносу цэнтра горада – гэта праект-”аднадзёнка”, зьвязаны з тым, што сёлета святкуюцца 65-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? На добраўпарадкаванне да гэтай даты грошы сапраўды ёсьць: на ўшанаванне памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны ў 2009 годзе выдаткавана 400 мільёнаў рублёў.