Главная » BY, Могилев, Общество

Вернікі просяць заступніцтва ў Бялыніцкай Божай Маці

27 апреля 2009 Комментариев нет

У гонар знакамітага цудатворнага абраза праваслаўныя прайшлі хросным ходам 40 кіламетраў ад Магілёва да Бялынічаў.

Людзі рушылі з песнапеннем і малітвамі па ўзбочыне аўтадарогі «Магілёў-Мінск» у суправаджэнні ДАІ. У вёсках яны спыняліся для малебнаў.

Моцныя мужчыны неслі ў руках вялікі абраз Бялыніцкай Божай Маці, упрыгожаны кветкамі. Наперадзе калоны – святар. Жанчыны з невялікімі абразкамі на грудзях, у руках – свечкі.

– Мы ідзем дзеля славы Божай! – радасна казалі вернікі і запрашалі далучацца да іх. – Хросны ход – гэта вялікая божая ласка. Няхай Божая Маці дапаможа нам і ўсім людзям!

Хрысціяне здаўна схіляюцца перад абразам Бялыніцкай Божай Маці. Калісьці пакланіцца яму ехалі і ішлі пехатой у Бялынічы паломнікі з розных мясцінаў.

Паводле каталіцкай версіі, у XVII стагоддзі абраз узнік у Бялыніцкім кармеліцкім кляштары: туды прыйшоў у вобразе юнака-паломніка анёл і напісаў на дошцы твары Божай Маці і Дзіця Хрыста неверагоднай прыгажосці.

Паводле версіі праваслаўных, абраз прывезлі ва ўсходнія землі ў XIII стагоддзі манахі з Кіева. Паданне гаворыць, што яны беглі ад нашэсця Батыя і па Дняпру ды Друці дабраліся да пагорка, дзе ўначы абраз заззяў дзівосна. Адсюль і назва паселішча: «белыя ночы» – Бялынічы.

Цяпер лёс старажытнага абраза невядомы. За савецкім часам яго перадалі ў Магілёўскі краязнаўчы музей, адкуль ён знік разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай у 1941 годзе.

Аднак вядома нямала даўніх спісаў (гэта значыць – копій) знакамітага абраза Бялыніцкай Божай маці. Калі некалькі гадоў таму ў раённым цэнтры адкрылася праваслаўная царква ў гонар Бялыніцкай Божай маці, мясцовая жанчына Матрона аддала спіс старажытнага абраза, які захоўвала за печкай шмат гадоў пасля разбурэння храмаў.

Магілёўская праваслаўная епархія аднавіла традыцыю хросных ходаў. Сёлета вернікі пайшлі з Магілёва ў Бялынічы ўжо другім разам. Іх сустрэлі каля храма ў райцэнтры, дзе адбылося прастольнае свята ў гонар абраза Бялыніцкай Божай Маці.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...