Звольнены работнік Полацкага ЖКГ атрымае кампенсацыю ад прадпрыемства
Суддзя Н.Гуйвік вынесла рашэнне, што прадпрыемства выплаціць У.Губскаму ў якасьці кампенсацыі за звальненне 2156330 рублёў. У выплаце кампенсацыі маральнага ўрону ў памеры 4312670 рублёў – адмоўлена.
Адміністрацыя прадпрыемства спрабавала збавіцца ад грамадскага актывіста не працягнуўшы з ім кантракт. Уладзімер запатрабаваў зьмяніць формулёўку на «звальненне па ініцыятыве работніка ў сувязі з парушэннем наймальнікам умоваў кантракту». Для гэтага яму , з дапамогай юрыдычнай службы Свабоднага прафсаюзу, давялося двойчы звяртацца ў Полацкую міжраённую інспекцыю па ахове працы.
І калі на першы зварот ён атрымаў адпіску, то пасьля скаргі ў абласны аддзел інспекцыі была зроблена праверка прадпрыемства. Пад час гэтай праверкі выяўлена цэлы шэраг парушэнняў у сферы аховы працы і зафіксаваныя парушэнні наймальнікам умоваў кантракту работніка. Адміністрацыя прадпрыемства атрымала прадпісанне на ліквідацыю парушэнняў, а дырэктар Уладзімір Шэдзько прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – ён выплаціць штраф.
– Мне, канечне, шкада, што я згубіў працу, дзе адпрацаваў больш 20 гадоў. Але гэта як вызваленне з рабства – надакучыла цярпець здзекі з боку начальства і парушэнні заканадаўства. Цяжка будзе знайсці новую працу з такім жа заробкам – але я не шкадую. Тыя, што засталіся там працаваць, пабачылі: адзін чалавек з дапамогай Свабоднага прафсаюза можа зрабіць больш, чым увесь дзяржаўны прафсаюз, – сказаў Уладзімер Губскі.
На судзе прадстаўніком Губскага быў Мікола Шарах, юрыст СПБ, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза па Віцебскай вобласці. Ён каментуе гэтую падзею:
– Мы ўжо расказвалі, што адмова працягнуць кантракт з Уладзімерам звязана з яго грамадзкай дзейнасцю. Прадухіліць звальненне работніка ў сувязі з заканчэннем кантракта практычна немагчыма, калі робіцца гэта мэтанакіравана і не парушаецца працэдура. У гэтым жа выпадку адчувалася – на наймальніка ідзе адміністрацыйны ціск. Ён нават не змог прапанаваць міравога пагаднення. Хоць для прадпрыемства тое было б матэрыяльна выгадней, чым звальненне з выплатай кампенсацыі. Думаю, тлумачыцца ўсё проста: КУП ЖКГ – гаспадарчае прадпрыемства Полацкага гарвыканкама. А ім, відаць, вельмі карцела паквітацца з Губскім за яго грамадскую актыўнасць. На тое ніякіх дзяржаўных грошай не шкада…
Цяпер, у выніку прадпісання інспекцыі працы, на прадпрыемстве павінны змяніць штатнае распісанне, правесьці атэстацыю працоўных месцаў, выдаць работнікам спецвопратку і абутак, які яны не атрымлівалі больш за дзесяць гадоў.
На пытанне суддзі, чаму гэта не рабілася раней, прадстаўнік наймальніка – юрыст прадпрыемства – сціпла адказала: «Няма сродкаў».
Але каб арганізаваць у канцы траўня чарговае ўсегарадское трохдзеннае (або тыднёвае) сьвята (ўсегарадзкую п’янку) грошы заўсёды знаходзяцца.