У міжнародныя каледжы прыняты новыя навучэнцы з Беларусі
У розных кутках планеты існуюць непаўторныя па сваёй адметнасці адукацыйныя ўстановы – 12 Каледжаў міжнароднай супольнасці (United World Colleges, UWC).
Сёлета ў іх залічваюць каля 1200 дзяўчын і юнакоў з усяго свету. Напрыканцы красавіка вызначаны беларускія навучэнцы.
З пачатку вясны конкурсны камітэт збіраў дакументы і пісьмовыя працы ад старшакласнікаў. Для нашай краіны выдзелены два месцы. Днямі адбылося сумоўе з фіналістамі, і вось названы імёны тых, хто з верасня пачне навучацца ў гэтых каледжах: Марыя Пупко з Заслаўя і Максім Карповіч з Навагрудку.
Марыя распавяла, што даведалася пра конкурс у апошні дзень падачы заяваў, ад сваёй сястры-студэнткі. Хутка сабрала дакументы і напісала эсэ.
– За месяц, які заставаўся да фіналу, шмат чытала. А сумоўе аказалася настолькі цікавым, што калі выйшла адтуль, то хацелася вернуцца. Увечары мне паведамілі: я паступіла, і эмоцыі не перадаць словамі. Лічу, што гэта падарунак лёсу, – гаворыць дзяўчына.
У сваёй школе Марыя выдае газету – прычым гэта яе ініцыятыва: у будучыні мяркуе стаць журналістам. Навучацца яна будзе ў Адрыятычным каледжы ў Італіі.
А Максім накіруецца ў Нарвегію, дзе знаходзіцца Паўночны міжнародны каледж.
– Пра UWC я добра ведаю ад тых, хто там вучыцца ці ўжо закончыў – гэта мае сябры па Маладзёвым еўрапейскім парламенце. Паступіць у такі каледж было маёй марай, таму шмат рыхтаваўся, і летась таксама ўдзельнічаў у конкурсе – кажа ён.
Гаворыць старшыня беларускага конкурснага камітэту Уладзімір Колас:
– У фінал былі запрошаны 25 абітурыентаў. Важныя крытэрыі пры адборы – яскравасць асобы, лідэрскія якасці і моцны характар. На жаль, многія канкурсанты мала ведаюць пра беларускую гісторыю, пра нашых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў. Прызёрам жадаю хутка знайсці сваё месца ў новым калектыве, які будзе складацца з лідэраў, і паспяхова прадстаўляць там нашу краіну.
Марыя і Максім атрымаюць стыпендыі на поўнае фінансаванне навучання. Праз два гады выпускнікі міжнародных каледжаў маюць магчымасць паступіць ва універсітэты краін, дзе ёсць сусветна вядомыя адукацыйныя цэнтры.
Віншаванні Марыі і Максіму! :)
Реклама от RedTram
апартаменты на тенерифе снять
etenluxury.ru